Усё гэтае пабедабесіе на 9 траўня, навязьлівы да аскоміны генацыд беларускага народу, бясконцыя інсцэнізацыі расстрэлаў мірных жыхароў клятымі немцамі і паліцаямі, аўтаматы і дроны — у кожнай школе, татальная мілітарызацыя ўсяго і ўсіх, цягнікі і аўтапрабегі Перамогі, мярзотныя канцэрты розных запарэбрыкавых «бацяняў камбатаў» і «афіцэраў з сэрцам пад прыцэлам», блёкпасты з пэнсіянэрамі-«апалчэнцамі» — ну мы ж, беларусы, мірныя людзі, аніяк ня можам нагуляцца ў вайнушку, так?
Валера Руселік: «Ад якога моманту адлічваць, калі расейска-ўкраінская вайна стала і беларускай?»
Такім пытаннем на Budzma.org задаецца Валер Руселік да тых, хто знаходзіцца па іншы бок Беларускай Барыкады.
Вы можаце колькі заўгодна ня верыць, што гэта расейцы наўмысна падбілі на Браншчыне аўтобус зь беларускімі дзеткамі, каб уцягнуць Беларусь у вайну з Украінай — вашая справа.
Я не зьбіраюся анікога ані ў чым пераконваць. Урэшце, ад таго, верыце вы ці ня верыце, не ўваскрэсьне забітая жанчына, якая суправаджала групу, і здароўя параненым дзеткам таксама не дадасца.
Між тым, калі ўжо мы загаварылі пра веру, то хацеў бы вам нагадаць адзін біблейскі выраз: «Хто пасее вецер, той пажне буру».
Надоечы ў цэнтры Берасьця ўсталявалі чарговую інсталяцыю ваеннай тэматыкі — «Сьцяг над Рэйхстагам». Два савецкія жаўнеры караскаюцца на нейкую тумбу зь ляпнінай, пры гэтым той, каторы наверсе, трымае савецкі сьцяг — алюзія на вядомае фота Яўгена Халдэя «Сьцяг Перамогі над рэйхстагам».
Самае сьмешнае ў гэтай гісторыі тое, што стварылі гэтае самапальнае ўбоства, ад якога мясцовыя жыхары ў шоку, не прафэсійныя скульптары ці хаця б студэнты якога-небудзь архітэктурнага каледжу, а звычайныя фасаднікі з баранавіцкай кампаніі «Карпарацыя дэкору», якія спэцыялізуюцца на ляпніне з гіпсу і плястыку.
Не нуачо, у нас жа ж цяпер галоўнае — не прафэсійнасьць і прадуманасьць, а вайна, праўда?
Памятаю, калісьці даўно, яшчэ ў юнацтве, недзе прачытаў, што ў беларускай гісторыі не было аніводнага пакаленьня, якое б ня зьведала вайны, і што мы якраз можам стаць гэткімі першымі «мірнымі».
Ну што ж, аўтар таго сьцьверджаньня памыліўся. Вайна дацягнулася і да нас. І да нашых дзяцей.
Спачатку трывожным рэхам з далёкай Чачэніі, затым — з Грузіі, яшчэ крыху — і вось ужо зусім пад бокам, ува Ўкраіне. Ну й неўзабаве — у нас. Напад Расеі на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі і ганебныя абстрэлы з-пад Мазыра і Гомля нашых паўднёвых суседзяў, поўнае абслугоўваньне крамлёўскіх акупантаў на нашых вайсковых базах і лётнішчах, шпіталях і санаторыях, заводах і фабрыках.
Потым — больш. Расейскія міны на Палесьсі й падарваныя на іх кдбшнікі. Дроны і бесьпілётнікі, якіх у беларускім небе хіба ўжо больш, чым буслоў, і якія час ад часу ўжо выбухаюць у нашых паселішчах. Тысячы беларусаў — па абодва бакі расейска-ўкраінскага фронту, сотні забітых і палонных.
Дык у які момант вайна сталася звыклай часткай нашага жыцьця? Настолькі звыклай, што бацькі з Рэчыцы нават не падумалі пра тое, што выпраўляць сваіх дзяцей у адпачынак у расейскі Геленджык, які і сам, і дарога да яго знаходзяцца, лічы, у прыфрантавой зоне — гэта тупа небясьпечна.
Ну вы ж самыя ўвялі вайну ў нейкі вар’яцкі культ, вам жа толькі плястыкавага «Сьцягу над Рэйхстагам» у Берасьці не хапала — дык няўжо ж у вашых галовах клёку не хапіла, каб трымацца ад вайны сапраўднай падалей? І, галоўнае, берагчы сваіх дзяцей. Ну дзе ж вашыя мазгі, людцы?
Ну і пастскрыптум. Ці разумею я, што зварот мой, хутчэй за ўсё, марны і да сваіх адрасатаў наўрад ці дойдзе? Так, разумею.
Тут жа ў нас — бальшой празьнік савецкага народу на носе! Пачатак Вялікай Айчыннай Вайны! Парады, салдацкая каша, па сто франтавых, чырвоныя гвазьдзікі, можам паўтарыць — чаго нам слухаць нейкага змагара з-за мяжы?
Ну што ж. Затое я ведаю, што гэтыя мае словы прачытаеце вы, шаноўныя, каго ані ў чым пераконваць ня трэба. Беражыце сябе і сваіх блізкіх. І няхай вайна — і плястыкавая, і сапраўдная — абміне ваш дом.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное