Общество

Ахвяры інтэграцыі. Як Расія заваблівае да сябе беларускіх дзяцей

Бясплатнымі пуцёўкамі і праз Рассупрацоўніцтва.

Трагедыя ў Бранскай вобласці звярнула ўвагу на тое, што «ў мэтах аздараўлення» і «адукацыйных праектаў» тысячы беларускіх дзяцей штогод адпраўляюцца ў расійскія лагеры і санаторыі, нягледзячы на вайну.

Сярод прапаноў — не толькі адпачынак на Чорным моры, але і зборы са стральбой і вывучэннем баявой робататэхнікі. Наша Ніва вывучыла, хто і навошта возіць беларускіх дзяцей у Расію.

Пуцёўкі праз выканкамы і Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі

Найперш варта адзначыць, што частку паездак у акупаваныя тэрыторыі аплачваюць беларускія ўлады. За бюджэтныя сродкі закупляюцца тысячы пуцёвак у санаторыі Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі — «Беларусь» і «Белая Русь» (Сочы, Туапсэ), а таксама ў санаторыі «Беларусія» ў анексаваным Крыме.

Гэтыя пуцёўкі раздаюць бацькам праз аддзелы па аздараўленні. Умовы вельмі прывабныя: дзіця едзе бясплатна, а дарослы аплачвае за сябе толькі каля 15% ад кошту (прыкладна 500 рублёў). Пры гэтым дарогу трэба аплачваць самастойна.

Некаторыя ўстановы маюць асобныя дамовы з расійскімі санаторыямі — як у выпадку з Рэчыцкай дзіцячай спартовай школай, дзеці з якой ездзілі ў Геленджык.

Анексаваны Крым і ўрокі рускага свету ў «Артэку»

Значная частка працы з беларускімі падлеткамі ідзе праз буйныя федэральныя дзіцячыя цэнтры, якія наўпрост падпарадкоўваюцца Міністэрству асветы Расіі. Гэта вядомыя яшчэ з савецкіх часоў «Арляня», «Змена», «Акіян» і «Артэк». Акрамя традыцыйных саюзных кадэцкіх змен, беларускія дзеці масава трапляюць туды і на іншыя тэматычныя праграмы.

Адно з найбольшых месцаў прыцягнення — міжнародны дзіцячы цэнтр «Артэк», які знаходзіцца ў анексаваным Крыме. Нягледзячы на вайну і рэгулярныя абстрэлы паўвострава, туды працягваюць масава адпраўляць беларускіх дзяцей. Штогод туды вывозяць сотні школьнікаў з Беларусі.

Дзеці з Беларусі едуць у «Артэк». Фота: sb.by

Каб трапіць у «Артэк», трэба прайсці адбор. Пуцёўкі разыгрываюцца праз праекты «Свет магчымасцяў» ад расійскай партыі «Адзіная Расія» або конкурс «Вялікая перамена», а таксама іх даюць за добрыя вынікі ў розных конкурсаў. Сярод абавязковых умоў для старшакласнікаў — правядзенне «артэкаўскага ўрока» для вучняў малодшых класаў.

У Расіі адкрыта заяўляюць, што такія паездкі — інструмент заваблівання таленавітых беларусаў у Расію. Дырэктар дэпартамента МЗС Расіі Аляксандр Алімаў казаў, што ў «Артэку» выкарыстоўваецца руская мова як афіцыйная мова міжнацыянальных зносін, каб у будучыні павялічыць колькасць замежнікаў, якія потым паедуць вучыцца ў Расію.

Мілітарызацыя пад выглядам саюзнага братэрства

Значную частку такіх праграм аплачвае Расія. І адзін з кірункаў працы з беларускімі падлеткамі — гэта ідэалагічная і вайсковая падрыхтоўка.

Яскравы прыклад — Усерасійскі дзіцячы цэнтр «Арляня» (у тым самым Туапсэ ў Краснадарскім краі, якое нядаўна было аб’ектам атак). Штогод там праходзіць тэматычная змена «Гістарычная памяць пакаленняў», куды звозяць пад сотню курсантаў сувораўскіх і кадэцкіх вучэльняў з Беларусі.

Беларускія кадэты ў «Арляняці». Фота: center-orlyonok.ru

Праграма выходзіць далёка за межы звычайнага дзіцячага адпачынку. Для школьнікаў арганізоўваюць вайскова-патрыятычны курс «Шлях да перамогі», які ўключае:

  • навучанне баявой робататэхніцы
  • стралковы спорт і скалалазанне
  • страявую і вайсковую падрыхтоўку.

Арганізатары не хаваюць мэты такіх збораў: дзяцей рыхтуюць да таго, што ім «зусім хутка будзе давераная абарона дзяржаўных інтарэсаў Саюзнай дзяржавы і сваіх краін».

У пачатку жніўня 2025 года кіраўніцтва МАЗа адправіла 20 маладых беларусаў у Расію на так званую профільную змену «Сіла адзінства». Падлеткі правялі два тыдні ў ваенна-патрыятычным парку «Патрыёт» імя Серафімава, які размяшчаецца ў Башкартастане проста на тэрыторыі былой вайсковай часці.

Дзеці збіраюцца ў Башкартастан. Фота: Аўтазаводзец МАЗ

Гэтую паездку арганізавалі па ініцыятыве прадстаўніка Башкартастана пры расійскім гандлёвым прадстаўніцтве ў Беларусі Канстанціна Кліміна. Яго ідэю асабіста падтрымаў генеральны дырэктар МАЗа Валерый Іванковіч. Выпраўляючы падлеткаў у Расію, кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства заявіў, што завод надае асаблівую значнасць «фарміраванню патрыятычнага светапогляду», а самі дзеці мусяць стаць «амбасадарамі дружбы».

Чарнобыльскія праграмы ад «Саюзнай дзяржавы»

Асобным кірункам бюджэту так званай Саюзнай дзяржавы стала праграма для дзяцей з тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

З 2002 года праз яе прайшло больш за 30 тысяч дзяцей і падлеткаў, тысячы з якіх — з Беларусі.

І хаця ў праграме фармальна задзейнічаныя чатыры беларускія ўстановы, ільвіная доля пуцёвак традыцыйна прыпадае на расійскія санаторыі і лагеры: напрыклад, з 2500 свежых заявак амаль 1800 прапануецца накіраваць менавіта ва ўстановы Расіі.

Чарнобыльцаў вязуць на расійскае ўзбярэжжа — у прыватнасці, у дзіцячы лагер «Шахцінскі тэкстыльшчык», які расійскія чыноўнікі называюць «ветэранам у саюзнай тэматыцы», дзе, акрамя мора, дзецям прапануюць ідэалагічныя заняткі.

Беларускія падлеткі і студэнты ў арт-кластэры Таўрыда. Фота: tavrida.art

Ёсць і іншыя праграмы — напрыклад, праграма «Саюзнай дзяржава: Мастацтва быць разам», якая штогод праходзіць у Крыме побач з Судаком і куды клічуць школьнікаў і студэнтаў з Беларусі.

Бясплатны сыр ад «Рассупрацоўніцтва»

Шырокую сетку для вярбоўкі таленавітай беларускай моладзі раскінула «Рассупрацоўніцтва» (Рускі дом у Мінску). Яны прапануюць не проста адпачынак, а цэлую кар’ерную і адукацыйную лесвіцу, каб выцягнуць перспектыўных дзяцей з Беларусі:

  • Праграма «Добры дзень, Расія!». Школьнікаў і моладзь 14—19 гадоў завабліваюць у паездкі па рэгіёнах Расіі (Югра, Паўночная Асеція, Пскоўшчына). Каб паехаць, трэба зняць відэа для сацсетак або зрабіць інфаграфіку пра расійскую гісторыю ці навуку.
  • Тэхналагічныя змены. Для тых, хто цікавіцца дакладнымі навукамі, прапануюць паездкі ў Тэхнапарк Фізтэх-ліцэя імя П.Л. Капіцы з вывучэннем біятэху, штучнага інтэлекту, плазменнай аэрадынамікі і аўтаномнай робататэхнікі.
  • «Летні ўніверсітэт». Праект для студэнтаў на базе федэральных расійскіх ВНУ (Казань, Екацярынбург, Краснаярск), які з’яўляецца прамым каналам «мяккай сілы» пад эгідай Міннавукі Расіі.
  • Квоты ў ВНУ. Фіналісты конкурсаў і алімпіяд атрымліваюць квоты на бясплатнае навучанне ў расійскіх універсітэтах.
Кіраўнік «Рассупрацоўніцтва» Ігар Чайка. Фота: rs.gov.ru

Так Расія метадычна і за адносна невялікія грошы выхоўвае лаяльнасць новага пакалення беларусаў. Некаторыя з радасцю карыстаюцца такімі прапановамі, не звяртаючы ўвагі на вайну.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(4)