Филин

Юлія Кот

Наталля Васілевіч: « Гэта значыць, што ў беларусаў ёсць «свае людзі» ў Ватыкане»

Чаму сустрэча Алеся Бяляцкага з Папам Рымскім — добрая навіна для беларусаў і дрэнная для рэжыму.  Филин абмеркаваў з эксперткай у сферы палітыкі, рэлігіі і праваабароны Наталляй Васілевіч, ці будзе сустрэча ў Ватыкане мець практычныя наступствы і як адрэагуюць беларускія ўлады.

Беларускі праваабаронца, былы палітзняволены і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра Алесь Бяляцкі 27 мая сустрэўся з Папам Львом XIV. Спадар Алесь распавёў пра сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне, у тым ліку пра пераслед святароў і вернікаў розных канфесій, і папрасіў пра малітву і публічны голас Святога Пасаду ў падтрымку беларускага народу.

Пакуль складана сказаць, ці будуць у гэтай сустрэчы практычныя наступствы, зазначае ў каментары Филину тэалагіня, экспертка ў сферы палітыкі, рэлігіі і праваабароны Наталля Васілевіч. Але ўжо цяпер можна сцвярджаць, што для беларусаў падзея не толькі  сімвалічная, але важная і пазітыўная.

Наталля Васілевіч. Фота: Радыё Свабода

— Гэта крок наперад у стасунках паміж беларускай грамадзянскай супольнасцю, дэмакратычным рухам і Рымска-каталіцкай царквой, — падкрэслівае экспертка. — Сустрэча з Алесем Бяляцкім — гэта і пэўнае прызнанне яго ролі як Нобелеўскага лаўрэата, і магчымасць прынесці Беларусь у парадак дня Касцёла.

Пэўна, там і так ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі. Але ж, мяркуючы па тэмах з ліста да Льва XIV, погляд Алеся Бяляцкага, як чалавека, які прысвяціў праваабароне шмат год, чый статус лаўрэата прэміі міру адчыняе перад ім многія дзверы, дазваляе паглядзець нашмат глыбей і ўбачыць шматлікія маніпуляцыі рэжыму. І гэты аналіз, спадзяюся, дапаможа Папу прымаць больш інфармаваныя рашэнні з нагоды Беларусі.

Апроч таго, дадае Наталля Васілевіч, такая сустрэча відавочна сталася магчымай з дапамогай людзей у Ватыкане, якія таксама хацелі яе зладзіць і прыцягнуць увагу да Беларусі.

— А гэта значыць, што ў беларусаў ёсць «свае людзі» ў Ватыкане, якія могуць дабівацца ўвагі да нашай краіны. Мы ведаем, што і раней Папа выказваў жаданне сустрэцца з Алесем Бяляцкім, гэта гучала ў ягоных інтэрв’ю. Мы памятаем ролю Святога Пасаду ў вызваленні палітзняволеных святароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча.

І тое, што цяпер Папа публічна сустрэўся з Алесем Бяляцкім, пагутарыў з ім, была магчымасць папрысутнічаць на малітве разам з шаноўнымі іерархамі каталіцкай царквы падчас гэтай генеральнай аўдыенцыі, што гэта ўсё адбылося не за зачыненымі дзвярыма, а ў прысутнасці тысяч чалавек — вельмі добра. Папа такім чынам, можна сказаць, прадставіў каталіцкай супольнасці беларуса Алеся Бяляцкага.

Хачу нагадаць, што і наш праваабаронца — не апошні чалавек для каталіцкага касцёла. У 1990-ыя Бяляцкі вельмі актыўна ўдзельнічаў у адраджэнні беларускага касцёлу: займаўся адукацыяй каталіцкіх святароў, рабіў пераклады на беларускую мову.

І палітвязень айцец Анатоль Парахневіч, які сёння знаходзіцца ў беларускай турме з невядомых абвінавачанняў — гэта сябар Алеся Бяляцкага цягам больш як 30 год. Таму сведчанні Алеся Бяляцкага — яшчэ і жывыя, асабістыя. І гэта можа дапамагчы, на маю думку, дагрукацца да вушэй і сэрца Папы.

Я лічу, што сустрэча ў Ватыкане — безумоўна важная, а галоўны яе плён яшчэ наперадзе. Гэта не першы крок насустрач, але ў супрацоўніцтве дэмсіл са Святым Пасадам ён адкрывае новую старонку, і будзем спадзявацца, што можа пачацца сістэмная праца ў гэтым накірунку.

— Як можа адрэагаваць на гэтую сустрэчу афіцыйны Мінск? Сёння становішча каталіцкіх вернікаў і святароў у Беларусі вельмі цяжкае. Да таго ж Аляксандр Лукашэнка пасля абрання Папы Рымскага перадаваў яму падарунак і запрашаў у Беларусь — а дыялог зноў вядуць не з ім, крыўдна…

Мы не можам жыць так, каб нашым прынцыпам было «не злаваць дзеда». Трэба рабіць сваю працу, стаяць за свае каштоўнасці, за людзей у Беларусі.

Так, рэжым можа адрэагаваць розным чынам. Асабліва калі ўлічыць, што сустрэча Алеся Бяляцкага з Папам Львом XIV адбылася акурат у той час, калі ў Кіеве прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прымаў дэмакратычную лідарку Святлану Ціханоўскую.

І гэта паказвае, наколькі інтэнсіўныя кантакты ў дэмакратычнай супольнасці ў сусветнай палітыцы, на ўзроўні сусветных лідараў, якія звяртаюць увагу на Беларусь.

Дзейнасць дэмакратычных сіл, якія беларускія ўлады спрабуюць усяляк маргіналізаваць, маўляў, «вы ніхто, пустое месца, вас ніхто не слухае» — разбівае намаганні рэжыму. Бо прадстаўнікоў дэмсіл прымаюць там, дзе Лукашэнка хацеў бы, каб прымалі яго.

Безумоўна, гэта яго раздражняе. Але якія інструменты ў яго ёсць? Так, ён можа павялічыць рэпрэсіі. Але яны нарастаюць несупынна, нават калі нічога не робіцца. Таму рэжым можа адрэагаваць як заўгодна — але нашая задача не баяцца, а дакументаваць, паказаць, што ўсе іх дзеянні становяцца вядомымі.

Бо калі Лукашэнка разлічвае, што можна ўсіх нязгодных заткнуць, пасадзіць па турмах і ўсё скончыцца — нічога не заканчваецца.

Рэпрэсіі і маніпуляцыі з боку рэжыму ніякім чынам не паўплываюць на Ватыкан, не паўплываюць на дэмакратычны рух. Адно на сам рэжым, які яшчэ больш дыскрэдытуе сябе ў вачах міжнародных структур і сусветных лідараў.

Нам жа трэба захоўваць салідарнасць, гаварыць праўду, распавядаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі і прасіць міжнародную супольнасць мабілізавацца ў дапамогу беларусам — і беларусам унутры краіны, і беларусам замежжа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)