Общество

Алесь Бяляцкі сустрэўся з Папам Львом XIV

Беларускі праваабаронца, былы палітзняволены і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра Алесь Бяляцкі 27 мая сустрэўся з Папам Львом XIV.

Пра гэта паведамляе Хрысціянская візія.

Бяляцкі расказаў Папу пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, папрасіўшы пра малітву і ўвагу да той гуманітарнай катастрофы, якая разгортваецца ў нашай краіне.

На аўдыенцыі Бяляцкага суправаджала ягоная жонка Наталля Пінчук. Падчас сустрэчы праваабаронца не толькі асабіста размаўляў з Панціфікам, але і перадаў яму пісьмовы зварот.

У пасланні Бяляцкі апісвае сітуацыю з правамі чалавека і свабодай веравызнання ў Беларусі. Ён нагадвае, што ў краіне сёння знаходзіцца каля тысячы палітычных вязняў — сярод іх жанчыны і пажылыя людзі, хворыя і інваліды, шматдзетныя бацькі.

Асобна праваабаронца піша пра пераслед вернікаў і святароў розных канфесій — каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх. Ён узгадвае айца Анатоля Парахневіча, арыштаванага ў сакавіку 2026 года, які перанёс інфаркт у зняволенні, але працягвае ўтрымлівацца за кратамі.

Бяляцкі выказвае ўдзячнасць Святому Пасаду за вызваленне святароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча ў лістападзе 2025 года, аднак заўважае, што пераслед не спыніўся — святары не могуць вярнуцца ў свае парафіі, а іх маёмасць была канфіскаваная.

Праваабаронца таксама звяртае ўвагу на сістэмнае знішчэнне рэжымам легальных падстаў для служэння Каталіцкага касцёла ў Беларусі: закрыццё храмаў (у тым ліку касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску), скасаванне рэгістрацыі грэка-каталіцкіх абшчынаў, дэпартацыю місіянераў. Сотні тысяч беларусаў, у тым ліку каталіцкія і праваслаўныя святары, былі вымушаныя пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсій.

Значная частка паслання прысвечана вайне Расіі супраць Украіны і ролі ў ёй рэжыму Лукашэнкі. Разам з тым ён падкрэслівае: сам беларускі народ супраць вайны — больш за 200 грамадзян Беларусі знаходзяцца за кратамі менавіта за крытыку вайны і салідарнасць з украінцамі. Беларусы хочуць жыць мірна і ў згодзе з суседзямі, але рэжым Лукашэнкі несамастойны, і захоўваецца небяспека прамога ўцягвання Беларусі ў вайну.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)