Апытанка

Марына Міхайлава

«Жывеш не сваё жыццё». Як праблема догляду састарэлых закранае некалькі пакаленняў

«Салідарнасць» працягвае цыкл аб тым, што адбываецца з апекай і даглядам састарэлых людзей у сённяшняй Беларусі. У гэтым артыкуле – апытанка тых, хто даглядаў ці даглядае сваіх родных.

Першая частка тут.

«Давялося пераехаць з горада да яе ў вёску»

— Я даглядала мамачку апошнія некалькі год, да яе 92-х, — распавяла «Салідарнасці» гамяльчанка Ірына (імя суразмоўцы змененае — С.). — З аднаго боку, нават не разглядала пытанне дома-інтэрната — які казённы дом, калі ёсць дзеці і ўнукі! А з другога, давялося пераехаць з горада да яе ў вёску, каб быць побач увесь час. І калі б мяне на той час не звольнілі з палітычных прычын — чыста фізічна не атрымалася б усё гэта рэалізаваць.

Удалося аформіць дапамогу па доглядзе, гэта быў добры дадатак да мамінай пенсіі. Таксама значна дапамагаў мой муж і іншыя сваякі, таму сціпла, але нам удваіх хапала.

Аднак у каго няма такой магчымасці: кінуць працу і ўвесь час быць з блізкім — шчыра, я не ўяўляю, як людзі спраўляюцца. Бо сядзелкі каштуюць дорага, пансіянаты, дзе пра блізкага чалавека рэальна будуць клапаціцца — яшчэ даражэй, а дзяржаўныя інтэрнаты — хіба толькі ад безвыходнасці.

«Кожны жыве і думае, што ён малады і так будзе да канца жыцця»

Жыхарцы рэгіёна Валерыі 60 год, яна, ужо сама пенсіянерка, даглядае 85-гадовую маці.

— Жыццё змянілася кардынальна, бо жывеш ужо не сваім, а жыццём чалавека, якога даглядаеш. І вельмі балюча бачыць, як чалавек змяняецца штодня ў цябе на вачах…

Раней я рэгулярна хадзіла да мамы, дапамагала, гатавала — а яна, хай і ў хадунках, перасоўвалася. Цяпер жа яна ляжачая, сіл зусім няма. І калі кудысьці трэба адысці, нават на пару гадзін — прашу ці сваякоў, ці сяброў альбо суседку, каб за ёй у гэты час прыгледзелі. Бо ўсякае можа здарыцца.

Расклад Валерыі ў пэўным сэнсе нагадвае дзень сурка: прачнуцца, умыцца, памыць прыбіральню ў пакоі пажылога чалавека, дапамагчы з усімі гігіенічнымі працэдурамі, падмыць, адзець. Потым — сняданак, прыём лекаў, неабходныя медпрацэдуры.

— Практычна цэлы дзень мама знаходзіцца ў сваім пакоі. Часам на калясцы (набылі за грошы з яе пенсіі) перавязу яе ў залю ці на кухню. А вось спусціць на вуліцу для прагулкі ўжо не атрымліваецца — сіл нестае. Нават здаровым ды моцным людзям гэта праблематычна: ліфта ў доме няма, а калі везці па лесвіцы, то каляска можа зламацца.

Урач дадому прыходзіць, толькі калі выклікаем самі. Нават не ведаю, ці належыць сацработнік — чула, што гэта залежыць ад групы інваліднасці, але няма імпэту даведвацца. Да таго ж я сама ў сілах даглядаць, то глыбока ў тэму не пагружалася.

Маме, дарэчы, групу інваліднасці ў свой час не далі. Бо лічыцца, што калі чалавек у стане перасоўвацца — хоць па ложку, сценах можа дапаўзці да гаршчка, — то ён хадзячы.

— А калі б вы працавалі?

— Альбо звальняцца, альбо наймаць кагосьці прыватным чынам для паўнавартаснай дапамогі. Ці вырашаць пытанне з сацработнікам — але ж той прыходзіць ненадоўга, бо за ім замацаваныя некалькі людзей, і, мяркуючы па досведзе маіх суседак, больш дапамагае з побытам, прыбраць-прыгатаваць.

Мы цікавіліся, дарэчы, колькі каштуе прыватная сядзелка. Адна жанчына сказала, што за гадзіну прыгляду — каля 10 рублёў. Але калі чалавек ляжачы і трэба мыць-пераапранаць, то нават не ведаю.

— Ці думалі пра варыянты з пансіянатамі для састарэлых?

— Глядзела ў сеціве, што прыватны пансіянат, дзе кругласуткавы дагляд — ад 2200 рублёў за месяц. Мяркуючы па пераліку дакументаў, бяруць не кожнага. Пры тым трэба быць са сваімі лекамі, памперсамі, з усім. І хоць у мамы па беларускіх мерках вельмі добрая пенсія, каля 1400 рублёў, яе на прыватны пансіянат не хопіць.

Ілюстрацыйнае фота. Прыватны пансіянат «Лістапад», Івацэвіцкі раён. Фота: листопад.бел

Але ўсё адно добра, што з’явіліся такія ўстановы — раней іх не было. На маю думку, падобныя пансіянаты, дзяржаўныя і прыватныя, павінны быць у кожным горадзе. Калі табе трэба з’ехаць на пару тыдняў, ці пакласціся ў шпіталь — ты мог бы прывезці пажылога сваяка, каб ім апекаваліся. Гэта вельмі дапамагло б.

І аплата за пражыванне там мусіць быць з разліку пенсіі чалавека: каб рэальна было аплаціць самому і яшчэ нешта заставалася.

— У нашым грамадстве ёсць уяўленне, якое транслюе ў тым ліку дзяржава: што блізкія мусяць даглядаць састарэлага чалавека, нягледзячы ні на што. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Гэта трэба арганічна і сістэмна пераасэнсоўваць. Бо ў нас жа як адбываецца. Скажам, муж і жонка разыходзяцца і вырашаюць, што дзіця мусіць быць з бацькам. Так гэтую маму амаль усе наўкол паліваюць брудам! Такая ж сітуацыя і тут. Калі нехта забяспечаны, у яго ёсць сродкі на прыватны пансіянат і чалавек аддае туды маці — што адразу будзе? Грамадскае асуджэнне.

Яшчэ адна праблема: у такім стане пакутуе і сам пажылы чалавек. Ён адзін, да яго ніхто не прыходзіць, бо хтосьці з атачэння памёр, а хтосьці таксама ляжачы. І вось ён дні, месяцы, гады — у закрытым памяшканні, сам-насам з тэлевізарам, у лепшым выпадку са сваяком, які даглядае яго і які вельмі заняты шэрагам праблем. Хацелася б, каб хоць пасля 80 год пра такіх людзей ведалі, наведвалі, медыкі прыходзілі раз на месяц, а не па выкліку.

Я лічу, што мусіць быць такая сацыяльная палітыка дзяржавы, калі розныя спецыялісты, медыкі і псіхолагі ў тым ліку, рыхтуюць загадзя людзей да старасці, тлумачыць, як можа стацца і якія ёсць магчымасці.

Бо кожны жыве і думае, што ён малады і так будзе да канца жыцця. Глядзіце: і жылыя дамы будаваліся без уліку, што чалавек пастарэе, атрымае інваліднасць і не зможа спусціцца —як быццам малады засяліўся і маладым выселіцца. У большасці будынкаў не прадуманыя ні прыступкі, ні з’езды ад уваходу, ні інфраструктура ў цэлым.

Дзесьці зробленыя пандусы, але яны нязручныя ні для дзіцячай каляскі, ні для інваліднага вазка; забіцца можна нават здароваму, а па функцыяналу — для адмазкі.

***

Чаму ў нібыта сацыяльна-арыентаванай дзяржаве дзяржава дапамагае мала, і іншым не дае працаваць у сацыяльнай сферы? Працяг тэмы чытайце на сайце «Салідарнасці» неўзабаве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(6)