Як просты мазырскі хлопец зразумеў крывадушнасць улады

Пра перамогу Ціханоўскай, захаванне сябе як беларуса ў эміграцыі і колькі плацілі за праўладныя рачоўкі ля амбасады Літвы, «Салідарнасці» распавёў актывіст беларускай дыяспары ў Швейцарыі Алесь Вашкевіч.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

Алесь пераехаў у Швейцарыю ў 2009-м у якасці стажора ў сістэме ААН у Жэневе. Да таго два гады вучыўся ў магістратуры па міжнародным праве ў Швецыі. Пабраўся шлюбам з немкай, з якой пазнаёміўся ў Менску. І праз 19 год дапамагае суайчыннікам і актыўна ўдзельнічае ў справах дыяспары.

— Я з 22-х гадоў у эміграцыі. У той час у мяне былі своеасаблівыя эмацыйныя арэлі. Яшчэ не было 18-ці, калі я, просты мазырскі хлопец, патрапіў у Менск, паступіўшы на юрфак БДУ. З цягам часу пачаў адчуваць: тое, што мы вывучаем, закон і права, не адпавядае рэчаіснасці, у якой жывем.

З аднаго боку чуем з вуснаў сапраўдных свяцілаў беларускай юрыдычнай навукі пра наўпроставае дзеянне Канстытуцыі разам з прапісанымі ў ёй свабодамі і правамі, пра прыярытэт агульнапрызнаных норм міжнароднага права і ягоных прынцыпаў над нацыянальным правам. Як важна кіравацца прынцыпам «ўсё дазволена, што не забаронена». І ў тым ліку чуем, што права ўдзельнічаць у галасаванні — таксама з’яўляецца правам, а не абавязкам.

І ў той жа час да нас у студэнцкі інтэрнат прыходзіў намеснік дэкана, які патрабаваў, каб мы прагаласавалі датэрмінова. Гаворка пра выбары 2006-га.

У мяне ўзнік моцны ўнутраны пратэст. Я не разумеў, як можна нам, будучым юрыстам, вось так гэта ўцюхваць.

Студэнты хаваліся ў сваіх пакоях, стараліся не трапляць на вочы адміністрацыі. Чулі пагрозы, што, калі не прагаласуеце датэрмінова, мы вас не пусцім у інтэрнат. Бо вы павінны быць удзячны, што вельмі танна жывяце ў Менску і, калі ласка, аддзячце нам. 

У мяне была магчымасць праверыць рэчаіснасць з абодвух бакоў «барыкад». У 2006-м ледзь не кожны вечар я з сябрамі хадзіў на Плошчу Каліноўскага (Кастрычніцкую), а па вяртанні ў інтэрнат глядзеў навіны пра праплачаных маргіналаў-пратэстоўцаў.

З іншага боку да мяне звярнуўся студэнцкі актывіст і прапанаваў «трошачкі падзарабіць». Маўляў, студэнты збіраюцца пайсці пад амбасаду Літвы пратэставаць супраць умяшальніцтва Літоўскай рэспублікі ў нашы ўнутраныя справы. «І за гэта будзе невялічкая прэмія».

Я менавіта з-за цікаўнасці падпісаўся на гэту акцыю. Вельмі непрыемны досвед, калі бачыш, што гэта ўсё забяспечвалася ўніверсітэтам.

Пасля сапраўды выплацілі на картку прэмію, якая была даволі сур’ёзным дадаткам да стыпендыі. І ў мяне была магчымасць паглядзець: хто насамрэч праплочаны. Хто шчыра ішоў, а каго зацягнулі прымусам.

Размаўляў там з адным хлопцам, які распавёў, што назапасілася вельмі шмат хвастоў па сэсіі, і ён вымушаны ўдзельнічаць, бо гэта адзіны спосаб не выляцець з універсітэта. Пасля гэтага зніклі ўсе ілюзіі наконт таго, што сабой уяўляе наша ўлада, і якія ў мяне перспектывы як у юрыста.

— Не страшна было, што з-за сваёй цікавасці вас маглі запісаць у шэрагі прыхільнікаў рэжыму?

— У мяне былі дзве эмоцыі. Па-першае, я ведаў, што  заканадаўства забараняла любыя маніфестацыі, масавыя мерапрыемствы на адлегласці 500 метраў ад амбасад. То бок па законе нас павінны былі разагнаць.

Арганізатары акцыі з універсітэцкіх структур фактычна падводзілі студэнтаў пад правапарушэнне, якое яшчэ й прэміравалася. І я ў чарговы раз зразумеў усю крывадушнасць, хлуслівасць сістэмы адукацыі і ўвогуле ўлады.

Па-другое, гэта бясконцае адчуванне сораму. Такі сапраўды вельмі непрыемны эпізод у маім жыцці, пра які я публічна не расказваў, і якім ніколі не буду ганарыцца.

Калі ішлі да літоўскай амбасады, куратар інструктаваў нас пра забарону размаўляць з журналістамі без дазволу. Адпаведна, калі да нас выходзіў прадстаўнік амбасады і справабаў наладзіць дыялог, натоўп гэтых няшчасных студэнтаў, як заведзены, крычаў: «Халуёў на мыла, Лукашэнка сіла!» Ды іншыя спушчаныя зверху завучаныя крычалкі. 

На тым мітынгу было каля 20-25 студэнтаў і куратар ад БДУ. Пасля разгону Плошчы-2006 улада спрабавала выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы, каб працягваць даводзіць праз прапаганду думку, быццам наш народ ніякіх перамен не хоча, і ўсё гэта спланавана «варожым захадам». Прыкладна у гэтыя часы ля польскай амбасады пілавалі «бревно дружбы».

І колькі вам тады заплацілі?   

— Пералічылі на картку каля 20 даляраў. Мая стыпендыя разам з 50-адсоткавай чарнобыльскай надбаўкай тады была не нашмат больш. Да гэтых грошай не хацелася нават дакранацца. Але як ёсць.

А дзе вы пазнаёміліся з жонкай?

— У інтэрнаце Мінскага лінгвістычнага універсітэта, дзе яна вывучала расейскую мову цягам года (калі я быў на 5-м курсе юрфаку). Пасля магістратуры ў Швэцыі прыязджаў у Цюрых, куды яна пераехала працаваць, а восенню 2009-га пачаў стажыроўку ў ААН у Жэневе. Па заканчэнні мы пабраліся шлюбам і ўжо чакалі дзіця.

Але калі людзі сустракаюцца — гэта адна гісторыя, а калі жывуць разам, узнікаюць узаемныя абавязкі, — то зусім іншая справа. У шлюбе мы пражылі менш за тры гады, але ягоны галоўны вынік — наша цудоўная дачка.

Калі я толькі падаваўся на навучанне ў Швецыі, трэба было пісаць матывацыйны ліст і тлумачыць, чаму я пасую да ўдзелу ў магістарскай праграме. Яна датычылася міжнароднага права і правоў чалавека.

Я шчыра пазначыў, што ў Беларусі з правамі чалавека вельмі складана, і мне хацелася б папрацаваць на карысць радзімы. Калі працягнуў жыццё за мяжой, гэта місія, якую сам сабе пазначыў, заставалася для мяне актуальнай.

Увесь час заставаўся ў кантэксце, сваю магістарскую працу пісаў па Канстытуцыйным судзе Беларусі. Пра прымяненне ўнутранага беларускага права ў кантэксце міжнародна-прававых абавязкаў дзяржавы Беларусь.

Прысутнічаў на паседжаннях ААН у Савеце па правах чалавека, прысвечаных перыядычнаму агляду правоў чалавека ў Беларусі. Была магчымасць параўнаць тое, як ёсць, з тым, як яно асвятляецца з аанаўскіх трыбунаў.

На жаль, не атрымалася працягнуць кар’еру ў галіне міжнароднага права, таму што ня змог фінансава дазволіць сабе новыя неаплочваемыя стажыроўкі. Гэта складана, асабліва калі ў цябе ёсць сям’я. Першыя паўтары гады пасля нараджэння дачкі я даглядаў яе ды займаўся хатняй гаспадаркай.

Гэта быў няпросты перыяд майго жыцця. Бо існуе стэрэатып, што мужчына павінен зарабляць грошы. Я актыўна шукаў любую працу, знайшоў у Лугана, у 200 кіламетрах ад Цюрыха, дзе пражываў. Гэта была пасада сакратара з базавымі юрыдычнамі ведамі ў фармацэўтычнай кампаніі.

Дагэтуль працую ў той жа кампаніі, толькі з цягам часу стаў спецыялізавацца на забеспячэнні ланцужка паставак: афармленне замоў, арганізацыя дастаўкі грузаў і падрыхтоўка суправаджальных дакументаў.    

І кожны дзень ездзіце на працу за 200 кіламетраў ад дома? Амаль што як з Менску да Магілёва!

— Так, ужо 14 з паловай гадоў амаль штодня езджу на працу праз Альпы. Спачатку па часе было больш за 3 гадзіны ў кожны бок. Зараз у гарах зрабілі чыгуначныя тунэлі, таму цяпер — крышку больш за дзве.Усё яшчэ няблізкі свет, але праца знаходзіцца ў вельмі прыгожым курортным мястэчку, дзе шмат сонца ды італьянскі вайб.   

Але ж гэта і грошы на дарогу, можна так увесь заробак і праездзіць.

— У мяне гадавы праязны, які ўключае практычна ўвесь транспарт унутры Швейцарыі, каштуе каля 4000 франкаў (прыкладна 5000 даляраў) на год. У вольны ад працы час падарожнічаю па краіне, развожу кнігі, магу штосьці камусьці адвезці ці зрабіць нейкія добрыя справы ў розных кутках Швейцарыі.

Наколькі моцная беларуская супольнасць Швейцарыі? Мне расказвалі ў іншых дыяспарах, што нават за мяжой шмат страху, людзі баяцца фотаздымкаў на фоне нашых сцягоў, палітычных імпрэз. Як у вас?

— У нас доўгі час была толькі адна фармальная суполка, Асацыяцыя беларусаў Швейцарыі, што дзейнічае з 2012-га і пазьней была перайменаваная ў Беларускае Аб’яднаньне ў Швейцарыі.

Я быў чальцом рады гэтай арганізацыі з 2015 года, мой актывізм прыпаў на часы адлігі, калі ў Беларусі амаль не было палітвязняў, і адбывалася своеасаблівая лібералізацыя. Мы ладзілі канцэрты Лявона Вольскага, J:Морс ды іншых выканаўцаў, святкавалі Дзяды, а таксама Дзень роднай мовы ды Дзень Беларускага пісьменства.

Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі ў добрым сэнсе і прагматычным ключы супрацоўнічала з амбасадай Беларусі, асабліва актыўна ў перыяд, калі часовым павераным быў спадар Павел Мацукевіч. І тут сапраўды нам няма чаго саромецца: да 2020-га тагачасныя супрацоўнікі амбасады прыязджалі да нас на Гуканне вясны, на Купалле, актыўна падтрымалі ініцыятыву па ўсталяванню помніка Касцюшку ды прымалі ўдзел ва ўрачыстасцях на адкрыцці помніка нашаму славутаму земляку ў горадзе Залатурн.

Некаторыя нашыя мерапрыемствы адбываліся ў сценах амбасады з удзелам людзей, якіх цяжка западозрыць у лукашызме: дыктоўкі да Дня беларускага пісьменства ў  будынку беларускай амбасады праводзілі з удзелам спадара Уладзіміра Арлова ды з іншымі выдатнымі асобамі.

2020-ты для мяне стаў сваеасаблівым рубіконам, і з тых часоў я паабяцаў сабе, што ні пад якой нагодай не пераступлю парог гэтага будынку.

Галасы беларусаў на выбарах 2020-га былі скрадзены, але ў Швейцарыі — не. Тут спадарыня Ціханоўская з разгромным лікам перемагла на выбарах.

Дзякуючы экзітполу мы ведаем, што з 279 выбаршчыкаў за Лукашэнку прагаласавала толькі 6 чалавек, за Ціханоўскую — 233. Гэтыя дадзеныя амаль супалі з афіцыйнымі вынікамі галасавання паводле пратакола, які быў вывешаны ў амбасадзе 10 ці 11 жніўня 2020 года. Разыходжанне тычылася толькі групы людзей, што маглі прагаласаваць за Лукашэнку, але абмінулі апытанне экзітполу. Гэта каля двух дзясяткаў асобаў, магчыма, з беларускай місіі ААН у Жэневе ці працаўнікі амбасады, якія скарысталіся іншым уваходам у будынак.

Спадарыня Ціханоўская пасля неаднаразова прыязджала ў Швейцарыю. У траўні 2021-га ў нас была вялікая маніфестацыя ў Жэневе, дзе прысутнічаў Алесь Бяляцкі, што прыязджаў на паседжанне Савета па правах чалавека ААН. І было вельмі кранальна, калі спадарыня Святлана далучылася да нас, потым паразмаўляла і адказала на пытанні.

Праз год яна з камандай прыязджала ў Залатурн, дзе ўскладалі кветкі да помніка Касцюшкі, схадзілі ў музей Касцюшкі. Мы тады ўдзельнічалі ў антываеннай акцыі. А ў 2024-м бачыліся ў Берне.

А як паводзіла сябе наша «дэмакратычная», як вы казалі, амбасада пасля выбараў 2020-га?

— Супрацоўнікі выклікалі паліцыю на людзей, якія прынеслі кветкі да амбасады пасля забойства Рамана Бандарэнкі. Пасля тых выбараў амбасада стала заўважна менш камунікаваць з беларускай дыяспарай Швейцарыі.

У гэтыя часы была створаная яшчэ адна суполка — беларуска-швейцарская асацыяцыя RAZAM.CH. Актывісты суполкі ладзілі акцыі салідарнасці, сустракаліся з палітыкамі, распавядалі пра падзеі ў Беларусі, пра неабходнасць далейшых высілкаў па вызваленні спадарыні Наталлі Хершэ (грамадзянка Беларусі і Швейцарыі, якую асудзілі ў Беларусі ў верасні 2020-га).

Існуе памылковае, на мой погляд, побытавае меркаванне, што Асацыяцыя RAZAM.CH займаецца «палітыкай». Але ж акцэнт тут ставіца не на палітычнай сітуацыі, а, хутчэй, на гуманітарнай. Таму што ў Беларусі няма палітыкі, у Беларусі ёсць вялікая бяда, пра якую трэба казаць па ўсім свеце.

Што тычыцца страху, то пасля таго, як амаль усе інфармацыйныя рэсурсы Асацыяцыі RAZAM.CH лукашэнкаўскі рэжым прызнаў «экстрэмісцкімі», разлічваць на актыўны ўдзел людзей цяжка. Ды і ў самой Швейцарыі не так шмат беларусаў. Чуў статыстыку, што агулам тут каля 5-6 тысяч асоб з беларускімі каранямі.

Галоўнае — не паддавацца гэтаму страху і не гуляць па чужых правілах. Бо калі мы нават тут, у бяспецы, не можам адчуваць сябе звычайнымі вольнымі людзьмі, — вось гэта насамрэч жахліва.

Што тычыцца суму ў эміграцыі, калі яшчэ жыў у Швецыі, вельмі моцна дапамагло тое, што я менавіта за мяжой стаў працаваць над сваёй ідэнтычнасцю беларуса. Не хацелася быць часткай шырокага кола расейскамоўных людзей. Таму слухаў беларускую музыку, чытаў артыкулы і навіны па-беларуску. І менавіта ў той час цалкам адчуў сябе беларусам.

Мы не сталі ахвярамі рэжыму і, знаходзячыся зараз у бяспецы, можам быць носьбітамі і носьбіткамі здаровай беларускай культуры, якую мы захавалі ў сабе і перавезлі праз мяжу.

Мы можам тут і цяпер ствараць альтэрнатыўную Беларусь. Тыя практыкі, прафесійныя навыкі і веды, нават мадэлі вольнага існавання, — гэта ўсё калісьці абавязкова паспрыяе аднаўленню нашай новай Беларусі.

Таму важна не толькі захаваць сябе ў эміграцыі, але і памнажаць беларушчыну, рабіць усё, каб гэтае насенне дало багатыя ўсходы. Каб падзяліцца гэтым з новай Беларуссю, якая абавязкова аднойчы адбудзецца.

Было б вельмі добра, калі б кожны беларус, дзе б ён ні знаходзіўся, вызначыў для сябе нешта, што з’яўляецца паказчыкам беларускасці. У маім выпадку гэта наш сцяг і майка з Пагоняй, якія часта браў з сабой у вандроўкі яшчэ задоўга да падзей 2020 года.

Разумею ўсе пагрозы на радзіме — то хай гэта будзе саламяны павук пад столяй, ці нейкія ільняныя рушнічкі ў пакоі, альбо традыцыя запякаць бабку ці дранікі па пятніцах. Але вельмі важна каб кожны з нас, нягледзячы на ўсе страхі і перашкоды, мог рабіць ці насіць з сабой нешта сваё, менавіта беларускае і вельмі роднае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)