Васілевіч: «Не выключана, некаторыя разважаюць: калі магчымая вайна, можа, і неабходна дзецям быць падрыхтаванымі»

Экспертка ў галіне палітыкі, рэлігіі і праваабароны — пра «аздараўленчыя летнікі» з ваенным адценнем і мілітарызацыю дзяцей як адлюстраванне настрояў у беларускім грамадстве.

Днямі BELPOL апублікаваў дакумент Магілёўскага гарвыканкама, у якім ідзе гаворка пра арганізацыю і правядзенне вучэбна-палявых збораў для старшакласнікаў у 2026 годзе. Змест паперы выразна паказвае, як звыклы, падаецца, школьны прадмет стаў часткай сістэмы мілітарызацыі беларускіх падлеткаў, а пад выглядам аздараўленчых летніх лагераў ідзе сапраўдная ваенная падрыхтоўка.

— Сапраўды, нягледзячы на тое, што афіцыйны гімн Беларусі пачынаецца з радка «Мы, беларусы, мірныя людзі», паступова адбываецца мілітарызацыя школ, навучання наогул, — зазначае ў эфіры Еўрарадыё тэалагіня, экспертка ў галіне палітыкі, рэлігіі і праваабароны Наталля Васілевіч.

— Сёлета адбыліся абавязковыя вучэбна-палявыя зборы для дзесяцікласнікаў. Усё больш ствараецца ў школах патрыятычных класаў, у якіх таксама лепшае навучанне іншых прадметаў, але ў дадатак трэба абавязкова праходзіць вайсковае навучанне і зборы.

А цяпер летнікі, якія называюцца «аздараўленчымі», хоць па сутнасці яны вайсковыя. Чаму так? Бо ў Беларусі ўсё называюць не так, як ёсць насамрэч. Гэта звычка гульні са словамі. Мір — гэта вайна, аздараўленне — гэта бег у лесе ці, як было ў маім дзяцінстве ў лагеры імя Марата Казея, падмятання сасновых шышак у лесе.

Магчыма, ёсць усведамленне, што раз дзіця ў лесе, купаецца ў рэчцы ці возеры — яно па факце аздараўляецца. Не ў гаджэтах жа сядзіць. А пад якім соўсам гэта робіцца, колькі ідэалогіі, гэта для бацькоў ужо не так важна, толькі б дзеці былі пад даглядам.

Мне б, вядома, хацелася жыць у свеце, дзе гэтага проста не існуе. Дзе ніякай вайны, і ніякай вайсковай падрыхтоўкі не трэба — дзе дзеці могуць спяваць, маляваць, танчыць, займацца спортам, шахматамі, жыць мірным жыццём. Дзе нават у галаве не існуе думкі, што трэба рыхтавацца да нейкай вайны. Але, на жаль, мы не жывем у такім свеце.

 Безумоўна, што і прапанова ёсць на рынку <паслуг>. Усё больш людзей, якія маюць баявы досвед, альбо прыкідваюцца, што яго маюць, і прапануюць школам правесці заняткі па першай медыцынскай дапамозе і тактычнай падрыхтоўцы.

Таксама ёсць разуменне настрояў у грамадстве. Тэму вайны мы чуем лезь не кожную хвіліну. Медыя пра гэта пішуць, дроны лётаюць па краіне. То-бок, вайна ў Беларусі на сённяшні момант прысутнічае. І гэты кантэкст нараджае прапанову мілітарызацыі.

Па шчырасці, я не ведаю, як на яе адказваць, ці могуць бацькі дазволіць сабе не адпраўляць дзіця на гэтую падрыхтоўку.

Не выключана, некаторыя разважаюць: калі ў рэгіёне напружанасць і магчымая вайна, можа, і неабходна дзецям быць падрыхтаванымі, умець рабіць пэўныя рэчы, разумець, як працуе зброя. На жаль, гэтыя навыкі ў сённяшнім свеце запатрабаваныя.

Экспертка дадае: у Беларусі, як і ў Расіі, да «падтрыятычнага выхавання» прыплятаюць і рэлігію, і вельмі часта праваслаўныя святары ўдзельнічаюць наўпрост у вайсковых мерапрыемствах.

— Але што тут здзіўляцца, калі РПЦ сябе зрабіла вайсковай царквой, арыентаванай на армію і сілавыя структуры. Такая царква сябе ідэнтыфікуе сябе з сілавымі структурамі, гэта блізкія ёй элементы: папраўчыя ўстановы, сілавікі, любыя іерархіі.

А ўсё, дзе ёсць свабода, дзе чалавек сам выбірае, што яму рабіць і як яму жыць — патрэбныя нейкія іншыя спосабы, каб зацікавіць яго рэлігіяй. Не індактрынацыя, але прапанова чагосьці духоўнага. Адна для гэтага патрэбная крэатыўнасць і зусім іншы вайб.

Заўважу, што  і ў нас у дэмакратычнай супольнасці ёсць запатрабаванасць гэтай тэмы. Параўнайце, прыкладам, колькі праглядаў збіралі інтэрв’ю Мікіты Мелказёрава са свецкімі персонамі, пісьменнікамі, навукоўцамі, дзеячамі культуры, а колькі — з вайскоўцамі.

Мы гаворым пра стварэнне нацыянальнай арміі, нейкія трэнінгі, збор сродкаў на дроны, ваенныя машыны. То бок, ва ўсім грамадстве ваенная тэма прысутнічае на першым плане.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)