«Калесьнікава мае права думаць што заўгодна, але ня трэба спрабаваць перапісваць гісторыю»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў – пра заклік Марыі Калеснікавай змагацца не супраць Аляксандра Лукашэнкі, а за народ.

– У 2020-м годзе галоўным лозунгам Калесьнікавай было «долбить, долбить, долбить». З улікам таго, што яна кажа зараз — «У 2020 годзе я змагалася не супраць Лукашэнкі, я змагалася за людзей, за свабоду, за свабодныя выбары..». — хацелася б ведаць, а каго ж яна заклікала «долбить», – піша Цыганкоў. – І я тут не пра перамену пазыцыі — дапусьцім, любы чалавек мае на гэта права.

Абодва падыходы, пра якія зараз ідуць гарачыя спрэчкі — працягваць ціск да перамогі ці ісьці на «перамовы» — маюць свае аргументы, свае каштоўнасьці, свае канчатковыя мэты, і маюць права на існаваньне.

Я пра ацэнку мінулага, якое дзіўным чынам мяняецца ў адпаведнасьці з сёньняшняй пазыцыяй.

Фота: lookby.media

Уся дзейнасьць Калесьнікавай у 2020 годзе, усе яе выступы на мітынгах, інтэрвію былі накіраваныя супраць Лукашэнкі і ягонай сістэмы. І ўсе сотні тысяч людзей выходзілі на вуліцы менавіта супраць Лукашэнкі і несправядлівасьці, а не за нейкі вобраз Беларусі будучыні.

Калі б тады нехта стаў прапаноўваць свой канкрэтны вобраз будучыні, то колькасьць пратэстоўцаў адразу паменшылася б у тры-пяць-дзесяць разоў. Бо на вуліцы выходзілі вельмі розныя людзі, з самымі рознымі палітычнымі і геапалітычнымі каштоўнасьцямі.

І гэтак шмат было людзей выключна таму, што лозунг быў самы просты — супраць Лукашэнкі і злачынстваў ягонага рэжыму.

Так што тады, летам 2020 усе змагаліся — і Марыя Калесьнікава ў першых шэрагах — менавіта супраць Лукашэнкі, супраць скрадзеных Лукашэнкам выбараў, і ўчыненых Лукашэнкам зьверстваў. І Марыя заклікала дзяўбсьці, долбить менавіта гэта.

Бывае такое ў гісторыі, што людзі пачынаюць па-рознаму ацэньваць нават свае ўласныя дзеяньні. Як, напрыклад, расейскія ура-патрыёты разам з дэмакратамі ў жніўні 1991 года выходзілі абараняць Белы Дом ад путчыстаў, а потым сталі каяцца — «ой, мы не тое мелі на ўвазе».

Ці беларускія дэпутаты Вярхоўнага Савета — у сьнежні 1991 усе, акрамя аднаго, (і яшчэ былі тыя, хто не галасаваў) прагаласавалі за «развал Саюза», а потым, асабліва ў 1994-ым, падчас прэзідэнцкай кампаніі, многія сталі «каяцца» і казаць, што «нас падманулі».

Марыя Калесьнікава мае права думаць што заўгодна, у тым ліку і пра свае дзеяньні. Але ня трэба спрабаваць перапісваць гісторыю — пад свае сёньняшнія ўстаноўкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)