«Энэргія нянавісьці да ўсяго беларускага проста выбухала з кожнага слова Лукашэнкі»

Палітычны Сяргей Навумчык — пра адносіны Лукашэнкі да беларускай мовы і сумны выбар беларусаў.

— А што вы зьдзіўляецеся лукашэнкаўскім прапагандыстам, якія адкрыта заяўляюць, што лічаць сваім абавязкам зьнішчаць нацыянальнае, беларускае? — піша Сяргей Навумчык. — Яны ўсяго толькі рэтрансьлююць тое, што дэкляруе Лукашэнка ўсё сваё палітычнае жыцьцё — нязьменна і пасьлядоўна.

Падкрэсьліваю: не з 1994-га, а калі яшчэ быў дэпутатам і адкрыта з трыбуны ВС выступаў супраць беларускай мовы ды заклікаў «возродить великое Отечество». Усё гэта па прамой трансьляцыі чулі мільёны.

Сяргей Навумчык

Энэргія нянавісьці да ўсяго беларускага проста выбухала з кожнага слова Лукашэнкі. Ягоны твар перадзёргівала, калі ён чуў беларускае слова.

Рэгулярна чытаю — «Як жа гэта вы прамаргалі Лукашэнку?». Памяць у людзей — як у акварыюмнай рыбкі. У соты раз нагадаю, што ўвосень 1993-га дэпутаты Апазыцыі БНФ запатрабавалі пазбавіць яго дэпутацкіх паўнамоцтваў менавіта за антыбеларускую, антыдзяржаўную, прарасейскую палітыку (Шушкевіч нават не паставіў прапанову на галасаваньне).

А Васіль Быкаў у сваім артыкуле, надрукаваным у «Народнай газэце» зь яе паўмільённым накладам, па паліцах расклаў усю небясьпеку гэтага чалавека.

Усё, што можна было сказаць, было сказана. Пісьменнасьць у тагачаснай Беларусі, здаецца, была на прыстойным узроўні, літары большасьць насельніцтва ведала. Маглі прачытаць.

Усё, што можна было зрабіць (ва ўсялякім разе, што ў сілах парлямэнцкай меншасьці ў 10% ад складу дэпутацкага корпусу) — было зроблена.

Выбар быў за народам.

Горка прызнаць, але даводзіцца прызнаваць, што ні ў якой іншай краіне (ні ў Эўропе, ні ў Азіі, ні ў Афрыцы, нідзе) чалавек, што адкрыта зьдзекваецца з мовы тытульнай нацыі, ня меў бы і мізэрнага шанцу зацяць вышэйшую дзяржаўную пасаду. Яго б ня тое што прэзыдэнтам — яго б у мясцовы савет не абралі б.

У Беларусі ж прагаласавалі за таго, хто выступаў за зьнішчэньне самой Беларусі як дзяржавы.

Усё нібыта і зразумела (гістарычныя, этнічныя, іншыя фактары) — а ўсё роўна, не перастаеш зьдзіўляцца.

Хочацца, каб будучым пакаленьням — без такіх дзівосаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(107)