Дракахруст: «Нават калі ўявіць, што ў Беларусь прыедзе 100 тысяч расіян, то будзе працаваць машына асіміляцыі»

Іх дзеці ўжо будуць фактычна беларусамі. Палітычны аналітык з іншага боку паглядзеў на пераезд усходніх суседзяў у нашу краіну.

Юры Дракахруст

— Нават прыезд вялікай колькасці расейцаў у Беларусь не вельмі яе мяняюць. Хутчэй беларусы мяняюць расейцаў, — кажа Юры Дракахруст у эфіры Звычайнай раніцы. — І ключавы паказнік гэтага — межэтнічныя шлюбы. Я глядзеў на статыстыку мінулага стагоддзя (ёсць падставы меркаваць, што яны не вельмі змяніліся), і па ёй 80% расейцаў, якія жылі у Беларусі, браліся шлюбам не з расейцамі, а беларусамі.

Гэта значыць, што расейцы вельмі лёгка асімілюцца з беларускай большасцю. Іх дзеці ўжо часткова расейцы, часткова беларусы, гэта працягвалася некалькі дзесяцігоддзяў і прывяло да парадаксальнага выніку.

З 1989 па 2019 год зменшылася лічба людзей, якія абвяшчалі сабе расейцамі, амаль на палову. З мільёна трохсот сарака дзвюх тысяч да сямісот сямі тысяч. Куды дзеліся расейцы, хто іх выганяў? З Беларусі не было масавых ісходаў.

Вельмі шмат было межэтнічных шлюбаў, Беларусь стала за гэты час незалежнай дзяржавай. Калі ў СССР было: «Я рускі, бо рускія ж галоўныя ў СССР», то ў Беларусі многім прыйшло ў галаву: «Ну я ж цяпер беларус, вакол беларусы, краіна — Беларусь». І 600 тысяч проста знікла. Вось як гэта працуе.

Таму нават калі ўявіць, што ў Беларусь прыедзе 100 тысяч расіян, то будзе працаваць машына асіміляцыі. А іх дзеці ўжо будуць фактычна беларусамі.

Цяпер вельмі часта абмяркоўваецца ў Беларусі, што расейцы гавораць «Белоруссія». Гэта праўда, так гавораць, прычым незалежна ад поглядаў. Але пытанне: ці многія расейцы, каторыя прыехалі ў Беларусь і жывуць тут стала, працягваюць казаць «Белоруссія»? Не. Бо яны глядзяць вакол: усе кажуць «Беларусь»: і лукашэнкаўцы, і змагары, і маладыя, і старыя.

Я прызнаю, што частка расейцаў, якая едзе ў Беларусь — «за Расію-матушку», кажуць, што гэта гістарычная недарэчнасць, і Беларусь — руская зямля. Але для многіх расейцаў, якія едуць у Беларусь, — гэта алібі ад рускай віны.

Таму што большасць беларусаў, і гэта паказваюць апытанні, лічаць, што яны ні пры чым (у вайне Расіі супраць Украіны — С.). І ты прыязджаеш у Беларусь і бачыш: гэта краіна, якая ні пры чым. Ну дык і я ні пры чым, калі тут буду жыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(14)