І Лукашэнка, як паказаў час, і Кебіч былі тупіком і катастрофай для Беларусі. Проста з адным гэты тупік цягнецца ўжо больш за трыццаць гадоў, а з другім, на маё глыбокае перакананне, ён мог бы завяршыцца значна хутчэй — стратай рэальнай незалежнасці і поўнай інкапарацыяй Беларусі ў Расію.
«Ці лепш было б, каб у 1994‑м годзе Лукашэнку перамог Кебіч? Не!» Лябедзька паспрачаўся з Навумчыкам
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12‑га склікання Анатоль Лябедзька, які на выбарах 1994 года ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі аспрэчыў сцвярджэнне Сяргея Навумчыка адносна ролі сённяшняга кіраўніка Беларусі.
— Калі б у 1994 годзе перамог не Лукашэнка, а Кебіч, ці было б лепш? Мой калега Сяргей Навумчык катэгарычна адказвае: так! Я з такой жа катэгарычнасцю кажу: не! — піша.

Калі адказваць на гэтае пытанне адным сказам, то маё глыбокае перакананне такое: калі б у 1994 годзе перамог Кебіч, сёння Беларусь магла б быць 90‑м суб’ектам РФ. А беларуская эканоміка цалкам працавала б на вайну ва Украіне, і беларускія сем’і атрымлівалі б пахаванкі з пуцінскай вайны.
Чаму? Кебіч быў арганічнай часткай старой савецкай наменклатуры. Не проста па біяграфіі — ён быў сфармаваны гэтай сістэмай да самага нутра. Ён узначальваў Дзяржплан БССР, і яго палітычнае мысленне заставалася мысленнем чалавека савецкай палітычнай і гаспадарчай сістэмы.
Яго мадэль Беларусі можна апісаць вельмі проста: узяць валізку з «Белавежскай», сесці ў самалёт і ляцець у Крэмль і Дзяржплан, каб вырашаць усе пытанні. Па-іншаму ён і не ўяўляў.
Вось у гэтым і быў увесь сэнс яго бачання Беларусі: не як самастойнай дзяржавы, якая сама вызначае сваю будучыню, а як часткі вялікай эканамічнай і палітычнай сістэмы, цэнтр якой знаходзіцца ў Маскве.
І тут я б параіў проста пачытаць самога Кебіча. У 2008 годзе выйшла яго аўтабіяграфічная кніга «Искушение властью: из жизни премьер-министра». Гэта не інтэрпрэтацыя яго палітычных апанентаў. Гэта яго ўласная рэфлексія пра сябе, сваю эпоху і сваю палітычную дзейнасць. І гэта вельмі паказальная кніга. У ёй выразна адчуваецца настальгія па Савецкім Саюзе, шкадаванне пра яго распад і перакананне, што гэта была вялікая гістарычная памылка.
Сам Кебіч ясна і недвухсэнсоўна адказаў, што б ён зрабіў, калі б выйграў у 1994 годзе! Больш за тое, ужо ў 1993 годзе, менавіта пры Кебічы, Беларусь ужо маршыравала шляхам паглыблення вайсковага, эканамічнага і палітычнага збліжэння з Расіяй. Узгадаем АДКБ, спробы ўвесці расійскі рубль.
Так, Кебіч быў значна менш амбітны за Лукашэнку. І вось тут — парадокс. Менавіта гэта магло быць для Беларусі яшчэ больш небяспечным.
Так, Лукашэнка хворы на ўладу. Ён не хацеў аддаваць яе ні Маскве, ні камусьці яшчэ. Калі яму даводзілася канфліктаваць з Расіяй, ён рабіў гэта не за беларускую незалежнасць, а за сваё права быць адзіным уласнікам Беларусі. Але ў выніку гэтыя асабістыя амбіцыі ў пэўныя моманты працавалі і на захаванне самой дзяржавы.
Кебіч быў іншым. Яго было значна прасцей інтэграваць у маскоўскую сістэму. І калі чалавек не мае ў галаве выразнай візіі незалежнай Беларусі, калі ён усё жыццё думае катэгорыямі саюзнага цэнтра, Дзяржплана і старой наменклятуры, чакаць ад яго раптам нацыянальнай дзяржаўніцкай трансфармацыі — гэта ўжо не аналіз гісторыі, а мроя.
Кошт Кебіча для Крамля быў істотна меншы, чым кошт Лукашэнкі.
Але ёсць яшчэ адно, значна больш непрыемнае і складанае пытанне. Можа, праблема была не толькі ў Лукашэнку і не толькі ў Кебічы?
Чаму дэмакраты ў 1994 годзе пайшлі трыма калонамі? Чаму не здолелі прапанаваць грамадству адзіны праект будучыні? Чаму страцілі столькі магчымасцяў у першыя гады незалежнасці? Вось гэта і трэба сёння аналізаваць, а не ствараць міф пра «добрага Кебіча», які нібыта мог выратаваць Беларусь.
І галоўныя высновы.
Таму сёняшняга Лукашэнку не варта выкарыстоўваць для адбельвання ўчарашняга Кебіча. Трэба нарэшце разабрацца з сістэмнымі памылкамі, якія зрабілі самі дэмакраты (і я ў тым ліку) у 1990-я.
Бо калі мы не зробім гэтага аналізу, мы рызыкуем зноў паўтарыць тыя ж памылкі — толькі ўжо ў іншай гістарычнай сітуацыі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное