Неабыякавыя

Юлія Кот

«Мы пражылі не дарма жыццё». 30 год «Вясны» – у 30 фактах

26 красавіка — дзень народзінаў «Вясны», адной з найстарэйшых і найбольш аўтарытэтных беларускіх праваабарончых арганізацый. «Салідарнасць» распавядае яе гісторыю, успамінаючы знакавыя моманты, лічбы, цытаты.

1. «Вясна» пачалася ў 1996 годзе ў Мінску падчас масавых акцый пратэсту беларускай апазіцыі. На «Чарнобыльскім шляху» тады было арыштавана больш як 200 чалавек. Нераўнадушныя людзі дапамагалі арыштаваным дэманстрантам і іх сем’ям.

2. Алесь Бяляцкі, які быў тады дырэктарам музея Максіма Багдановіча, і яго паплечнікі ўпакоўвалі ежу ў пакецікі з лагатыпам музея — і раздавалі іх людзям, якія выходзілі з Акрэсціна, на знак падтрымкі.

3. Спачатку была «Вясна-96», гарадская арганізацыя. Зрэшты, ужо ў 1999-м яна стала рэспубліканскай. Тады ж пачаліся першыя вобшукі і затрыманні праваабаронцаў.

4. Улады пазбавілі праваабарончы цэнтр рэгістрацыі яшчэ ў 2003 годзе, нібыта за парушэнні ў назіранні за папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі.

5. У 2000-м, калі пачалі бясследна знікаць апаненты Лукашэнкі, «вясноўцы» ладзілі хадзячыя пікеты: раздавалі накідкі з выявамі зніклых і Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

6. З 2004 года «Вясна» ўваходзіць у Міжнародную федэрацыю за правы чалавека (FIDH). Алеся Бяляцкага тройчы біралі яе віцэ-прэзідэнтам (2007-2016), а Валянцін Стэфановіч быў віцэ-прэзідэнтам арганізацыі двойчы. Прычым і Алесь, і Валянцін адзін з тэрмінаў на гэтай пасадзе знаходзіліся за кратамі.

7.  Старшыня цэнтру Алесь Бяляцкі — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (2022). На ўзнагароду яго вылучалі 5 разоў. Свой нобелеўскі дыплом і знак праваабаронца атрымаў толькі праз тры гады, пасля вызвалення з вязніцы і прымусовага вывазу з Беларусі.

Снежань 2022 года, Осла, цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру.

8. «Вясна» і «вясноўцы» — уладальнікі шэрагу прэстыжных міжнародных узнагарод, у тым ліку «Homo homini», прэміі імя Андрэя Сахарава, Right Livelihood Award,  The Albie Awards, «Цюльпан правоў чалавека», прэміі ААН у галіне правоў чалавека і іншых.

9. Важныя словы Алеся Бяляцкага.

Усе мае «дасягненьні» як праваабаронцы — неад’емныя ад дзейнасьці «Вясны». І вось ужо «Вясьне» было па сілах зрабіць многае з таго, што ніводзін праваабаронца-адзіночка не пацягнуў бы.

Алесь Бяляцкі, 2010-я

13 снежня 2025 года, Алесь Бяляцкі ў Літве.Праваабаронца пажадаў беларусам ніколі не апускаць рукі: «Never give up!»

10. Адразу 50 валанцёраў «Вясны», журналістаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый затрымалі беларускія сілавікі ў 2017 годзе на Дзень Волі.

11. У 2021-м сілавікі здзейснілі маштабны разгром НДА і недзяржаўных медыя, пад «хапун» трапілі і праваабаронцы па ўсёй краіне. Цягам наступных год сямёра «вясноўцаў» былі адпраўленыя за краты на велізарныя тэрміны з прычын палітычнага пераследу. Суд прызначыў вялікія штрафы, маёмасць праваабаронцаў улады прадавалі, і дагэтуль спрабуюць прадаць, з аўкцыёнаў.

12. Алесь Бяляцкі — ганаровы грамадзянін трох гарадоў: Парыжа, Генуі і Сіракузаў.

13. «Мы атрымліваем больш 1000 запытаў аб дапамозе штомесяц. Людзі па-ранейшаму сутыкаюцца з парушэннем правоў чалавека, але дакументаваць гэтыя выпадкі становіцца ўсё больш складана. Аднак мы працягваем працаваць. Бо людзям у Беларусі па-ранейшаму патрэбныя наш голас і падтрымка», — агучыла праваабаронца «Вясны» Наталля Сацункевіч (Хельсінкі, 2025).

Сыйдзе і Лукашэнка, і ягоны рэжым. Наша задача палягае ў тым, каб выхаваць новае дэмакратычнае грамадства, галоўнай каштоўнасцю якога будзе выкананне правоў чалавека.

Алена Маслюкова, праваабаронца «Вясны», 2023

14. У верасні 2021 года стартавала міжнародная кампанія #FreeViasna у падтрымку палітзняволеных праваабаронцаў. Актывісты больш як 20 праваабарончых арганізацый патрабавалі неадкладнага і безумоўнага вызвалення «вясноўцаў». Акцыі салідарнасці за 4,5 гады адбыліся ў шматлікіх гарадах розных краін.

15. «Вясноўцы» сталі героямі трох муралаў: у Варшаве ў раёне Воля, на панадворку Беларускага Дома ў Варшаве і ў Вільнюсе, недалёка ад амбасады Беларусі.

16. У 2011 годзе Алеся Бяляцкага судзілі нібыта за нясплату падаткаў, але міжнародная супольнасць ад пачатку падкрэсліла, што гэта палітычны пераслед. Сёння складана ўявіць, але суд быў адкрытым, на ім прысутнічалі дыпламаты, а ў падтрымку праваабаронцы актывісты прынеслі і разгарнулі плакаты. Што, зрэшты, не спыніла суддзю вынесці вырак — 4,5 гады калоніі. Справа мела вялікі грамадскі і міжнародны рэзананс.

17. Дарэчы, пагасіць «шкоду, нанесеную дзяржаве» ў 2011 годзе, дапамаглі беларусы — больш як 750 чалавек ахвяравалі свае сродкі.

18. Амаль 105 тысяч лістоў салідарнасці, пікетаў, творчых акцый адбылося ў 2011-2013-х у падтрымку Алеся Бяляцкага. Глабальная кампанія, абвешчаная Amnesty International, ахапіла больш чым 35 краін свету.

19. Пераможца конкурсу «Еўрабачанне-2012», шведская спявачка Loreen пасля выступлення ў Віцебску на «Славянскім базары» адмыслова сустракалася з жонкай Алеся Бяляцкага Наталляй Пінчук і праваабаронцамі. Яна падпісала петыцыю супраць смяротнага пакарання і пажадала беларусам свабоды.

20. У бібліятэчцы «Вясны» — выданні «Культурны супраціў», «Турэмны зборнік: творы беларускіх палітвязняў», «Асьвечаныя Беларушчынай» Алеся Бяляцкага, «Альбом салідарнасці», «Каменнае сэрца» Паўла Севярынца, «Турэмны альбом» Алеся Пушкіна, «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча — агулам звыш 50 кніг, альбомаў, а таксама мноства аналітычных аглядаў і праваабарончых бюлетэняў.

21. Пасля выбараў 2020 года і пачатку маштабных рэпрэсій у Беларусі «Вясна» вядзе сістэматычны і паслядоўны ўлік колькасці палітвязняў у нашай краіне, а таксама былых палітвязняў, фіксуе новыя факты пераследу.  Станам на 26 красавіка палітвязнямі ў Беларусі прызнаны 837 чалавек.

22. «Вясноўцы» шмат год працягваюць кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

23. Праваабаронцы «Вясны» ўдзельнічалі ў міжнародных маніторынгавых і гуманітарных місіях — у тым ліку на Кубе (2008 год), у Кыргызстане (2010), ва Украіне (2015), у Тунісе (2011), Егіпце, Грузіі, Арменіі.

24. Да разгрому праваабарончага цэнтру прадстаўніцтвы «Вясны» дзейнічалі ў Мінску, Віцебску, Оршы, Гродне, Брэсце, Бярозе, Гомелі, Рэчыцы, Мазыры, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Маладзечне, Смаргоні, Наваполацку, Светлагорску, Баранавічах.

25. «Вясноўцы» неаднойчы бралі ўдзел у міжнародных дыскусіях і круглых сталах, нарадах АБСЕ і ПАСЕ, выступалі у ААН, дзе даводзілі да ўсяго свету звесткі пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, заклікалі да падтрымкі рэпрэсаваных і станаўлення дэмакратыі  ў краіне.

26. Словы Валянціна Стэфановіча ў судзе.

Мы пражылі не дарма жыццё — мы падрыхтавалі сабе замену. Прыйшлі новыя пакаленні беларускіх праваабаронцаў, якія нашую дзейнасць працягваюць, і яна працягваецца. Ну а хаду натуральнага жыцця спыніць немагчыма: пасля зімы наступае Вясна, і Вясна прыйдзе незваротна.

Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні «Вясны» ў апошнім слове ў судзе, сакавік-2023

27. Вясной 2026 года ў Вільнюсе адбылася прэм’ера дакументальнага фільма Bialiatski / Unbroken, які рабіла літоўская каманда. Cтужка здымалася тры гады і раскрывае тэмы салідарнасці, правоў чалавека і зняволення — праз асабістыя гісторыі, калектыўную памяць і міжнародную прызму. Фільм плануюць паказаць на еўрапейскіх фестывалях.

28. Сярод напрамкаў дзейнасці цэнтру — гарачая лінія, юрыдычная служба, інфармацыйная служба і шматлікія медыя-праекты (радыёпраграма «Вясна», падкаст «Вясна прыйдзе», галерэя-архіў PrisonArt, праект «Магшоты палітвязняў», асабістыя гісторыі зняволеных, практычныя дапаможнікі), аналітыка, валанцёрская служба, адукацыя і асвета, міжнародная адвакацыя.

29. Праваабаронцы «Вясны» працягваюць дакументаваць факты катаванняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Кожны пацярпелы можа зафіксаваць сваю гісторыю, звярнуўшся ў тэлеграм @ViasnaDOC ці viasnadoc@spring96.org.

30. Сёння «Вясна» — гэта больш як 100 праваабаронцаў, актывістаў і валанцёраў сама меней у 6 краінах. І яны  застаюцца вернымі сваёй місіі: абарона правоў чалавека, дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій і іх сем’ям, прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў у Беларусі.

***

Рэдакцыя «Cалідарнасці» далучаецца да віншаванняў усіх прадстаўнікоў «Вясны»з 30-годдзем праваабарончага цэнтра. Ролю праваабароцаў у прасоўванні і адвакатаванні правоў чалавека, у фіксацыі кожнага выпадку і агульных маштабаў палітычнага пераследу, у ліквідацыі прававой непісьменнасці і прышчэпліванні беларускага грамадства ад абыякавасці – сапраўды, складана пераацаніць.

Мы перакананыя, што «Вясна» значна набліжае дэмакратычныя перамены ў Беларусі — і ў кожным з беларусаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(37)