Мікалай Статкевіч амаль усё жыццё ў палітыцы, за што, на жаль, плаціць празмерна высокую цану. Ён больш за 12 гадоў правёў у зняволенні, але ўсё адно адмовіўся пакінуць краіну, нават калі амерыканскія дыпламаты дамовіліся пра яго вызваленне.
— Я супраціўляўся гвалтоўнай высылцы. Якімі б жорсткімі ні былі абставіны, у чалавека заўсёды ёсць выбар,— падзяліўся нядаўна Статкевіч сваім прынцыпам з нямецкім выданнем Die Zeit.
— Я ўжо даўно раблю ўсё магчымае для свабоды сваёй краіны. Дзеля гэтага я ўжо шмат чым ахвяраваў і не збіраюся спыняцца на паўшляху. Я мог памерці ўжо столькі разоў.
Але сёння я магу глядзець у акно і бачыць дрэвы, неба, якія я не меў магчымасці бачыць гадамі. І я разам з каханай жанчынай. Кожны дзень для мяне — падарунак, — распавёў палітык.
— Статкевіч — увасабленне беларускай мужнасці, — напісаў былы палітзняволены Павел Севярынец. — Сапраўдны ваяр са старадаўняга беларускага роду, гербу «Касьцеша», характар, быццам высечаны з легендарнай шляхты Вялікага Княства.
Калі хто ня ведае — менавіта Статкевічы ў 1612 годзе фундавалі цяперашні Свята-Петрапаўлаўскі сабор на Нямізе і Баркулабаўскі манастыр пад Магілёвам.
Народжаны ў самай сарцавіне Беларусі, на Случчыне — Статкевіч ўвабраў у сябе і гены беларускага хрысціянскага трыадзінства, і спадчыну Слуцкага паўстання 1920-га.
Вайсковец і інжынер (кандыдат тэхнічных навук), яшчэ ў арміі выбраў спецыяльнасць ракетчыка — каб ведаць, як абараніць Беларусь.
Ад самага пачатку 1990-ых Статкевіч стаяў за беларускую незалежнасць, а з 1994-га — кідаў выклік рэжыму.
Падчас камуністычнага путчу ў жніўні 1991-га быў адзіным з заўважных беларускіх вайскоўцаў, хто публічна выступіў супраць ГКЧП.
Мікалай Статкевіч ствараў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, аднаўляў Грамаду і заўжды вёў рэй на чале масавых вулічных акцыяў.
Асобная гісторыя — тое, як Мікалай Статкевіч застаўся ў Беларусі ў 2025-ым.
Адзін беларус зламаў і сцэнар рэжыму, і геапалітычную гульню, і давёў усім: адолець сістэму магчыма — нават калі гэта абыдзецца коштам волі, уласнага здароўя і наогул жыцця.
Сімвал нашай нязломнасці. Беларускі супергерой.
«Салідарнасць» зычыць Мікалаю Віктаравічу здароўя і шмат гадоў побач з роднымі на радзіме.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное