Таму, кожнае пакаленне эміграцыі — «выцертае» з партрэта Радзімы. Хірургічна выдаленае.
Кіркевіч: «У «сваю Беларусь» мы ніколі не вернемся»
Колькі каштуе зняць кватэру ў Менску? Колькі там каштуе хлеб ці маршрутка? Там яшчэ ходзяць маршуткі?.. Мае веды пра Беларусь засталіся ў лютым 2022-га. У кожнага з выехаўшых свая Беларусь. Пад нумарамі: 2006, 2020, 2022... Іншай Беларусі мы не ведаем. Таму і ў «сваю Беларусь» — ніколі не вернемся, разважае Алесь Кіркевіч на Budzma.org.
На лекцыі шаноўнага Аляксандра Фядуты зайшла гаворка пра філаматаў і філарэтаў. Віленскую ўніверсітэцкую моладзь, якая трапіла пад рэпрэсіі 200 год таму і — была расцярушаная па ўсім свеце. Ад Башкірыі да Чылі. Усе марылі пра вяртанне, снілі Радзіму. Па факце — ніхто нікуды не вярнуўся.
А тыя адзінкі, хто вярнуўся, праз шмат гадоў — не знайшлі краіны сваіх сноў. Тамаш Зан пасля 17 гадоў змог вярнуцца ў Вільню па амністыі 1841 году. Гэта быў чужы горад. Чужыя людзі. Чужыя кнігі. Вуліцы тыя ж, а мова вуліцаў — іншая. Зан пачаў вар’яцець. Мог згубіцца, забыўшыся дзе ён і куды ішоў. Магчыма, гэта была форма дэпрэсіі: дактары яшчэ не ведалі такіх словаў.
Добра, што побач быў брат і такое-сякое кам’юніці на перэферыі. А яшчэ — перапіска са старымі сябрамі, з Міцкевічам, напрыклад. У Міцкевіча і Зана той самы год смерці — 1855-ты. Адзін памёр у Стамбуле, другі — у фальварку на Магілёўшчыне. Абодва паміралі выгнанцамі, незалежна ад геаграфічных каардынатаў свайго знаходжання на момант смерці.
Ад іх чакалі, а іх — ніхто не чакаў.
Гэтак было з кожным пакаленнем выгнанцаў. Беларускія эмігранты хвалі 1944-га года, прыязджаючы на Радзіму на пачатку 1990-х, бачылі зусім іншы свет. І справа не толькі ў мове і перабудаваных гарадах. Іх ніхто не чакаў. Ад іх чакалі дапамогі («яны ж багатыя, з Амерыкі!»), але іх асабіста — не чакалі. Краіна жыла сваімі клопатамі.
Таму і сацыёлаг Вардамацкі фіксуе дзіўныя адказы на пытанне: «Хто такія беларусы?» «Тыя, хто не з’ехаў». Муляе? Крыўдна?.. А так кажуць. А нават калі не кажуць у вочы, то — думаюць. Ці наогул не думаюць, бо — жывуць сённяшнім днём. Успамінамі жывуць акурат эмігранты.
Жыць Беларуссю-2006 ці Беларуссю-2020 немагчыма. Шкодна для здароўя. Той адбітак, які застаўся ў нашых вачах перад ад’ездам — гэта фотаздымак моманту. Імгненне, якое спынілася для нас, але — праляцела для ўсіх іншых. У свеце фізічных рэчаў і з’яваў яно не існуе — як не існуе і тая Беларусь, якую зафіксавала наша памяць.
Дзе мой Край?.. Шлях дадому
«Мы вернемся!» — эмацыйная пазіцыя. Для чаго? Навошта? Заўжды трэба ўдакладняць. Пытанне «кім вярнуцца» ды «з чым вярнуцца» — больш важнае за: «куды вярнуцца». У адну Беларусь двойчы не ўвойдзеш. Мы не ведаем, у што і куды мы фізічна вернемся, нават калі з’явіцца такая магчымасць.
Што рабіць? Найлепшы адказ на ўсе часы: жыць сваё жыццё. Чалавек, патрэбны самому сабе — патрэбны і іншым.
Так, філамат Дамейка быў патрэбны ў Сант'яга, Міцкевіч — у Калеж-дэ-Франс, а той самы Тамаш Зан — у Арэнбургу: там ён заснаваў музей, займаўся геалогіяй.
Самастойныя, адукаваныя людзі — патрэбныя паўсюль і заўжды. Усім патрэбныя. Нават жывучы па-за геаграфічнымі межамі Радзімы, яны — пашыраюць яе межы.
Дзе мой Край? Там, дзе нашы ўчынкі, наш след, нашасць. У «сваю Беларусь» мы ніколі не вернемся. Яе ўжо няма. А да Сябе — вернемся. Гэта і ёсць шлях дадому.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное