Вольскі: «Ступень абсурду вышэй за тое, што цяпер адбываецца, цяжка сабе ўявіць, але людзі будуць сьвяткаваць»

Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра штампы, якімі прапаганда замбіруе людзей, і святкаванне перамогі над фашызмам у Беларусі ў сітуацыі абсурду — калі з высокіх трыбун па-ранейшаму гавораць пра мірнае неба над галавой, а ў суседняй краіне каторы год ідзе вайна, развязаная другой суседняй краінай — найлепшай сяброўкай РБ.

Лявон Вольскі

Жыцьцёвыя штампы

У сьвеце існуе безьліч штампаў. Гэта выразы, якія людзі бяздумна паўтараюць у розных жыцьцёвых сытуацыях. Шмат зь іх нарадзілася натуральным чынам у народным асяродку — гэта, напрыклад, прыказкі і прымаўкі. Некаторыя і цяпер маюць папулярнасьць — «Ня мела баба клопату, купіла парася», «Абяцанкі — цацанкі, а дурню ў радасьць», «За кампанію і жыд павесіўся»…

Ёсьць устойлівыя выразы, якія заўсёды гучаць па-беларуску, нават калі суразмоўцы расейскамоўныя: «агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця», «дождж, магчыма навальніца», «каля нуля».

Ёсьць старыя штампы, якія дэманструюць стаўленьне да жыцьця за саветамі (яны гучаць па-расейску ці на трасянцы): «Есьлі хочаш паработаць, ляж, пасьпі, і ўсё прайдзёт», «Ты мне доўжан, як зямля калгасу», «Ламаць — ня строіць»…

Ёсьць беларускія штампы-цытаты: «Лёс склаўся так», «Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе», «Мой родны кут, як ты мне мілы!», «Хіба на вечар той можна забыцца»…

Ёсьць штампы-цытаты з савецкіх (звычайна, камэдыйных) фільмаў: «Піць нада меньшэ», «Карочэ, Скліфасоўскі!», «Сямён Сямёныч!»…

Ёсьць цэлы стос моладзевых інтэрнэт-штампаў, якія ўзьнікаюць і празь некалькі гадоў зьнікаюць у паветры (напрыклад, пра Бабруйск, стопіццот і крыло самалёта).

Штампы, якім спрабавалі замбаваць народ

А ёсьць яшчэ штампы, якімі спрабавалі і спрабуюць запраграмаваць, зазамбаваць народ. Яны нараджаліся ў цішыні ўладных кабінэтаў і, здавалася, так і не ўкараніліся ў народнай сьвядомасьці.

Гэта ўсялякія бездапаможныя «Піянэры — заўсёды першыя», «Комсомольцы — беспокойные сердца», «Мы, камуністы, правдой своей сільны!», «Ленін, партія, комсомол»…

Людзям спрабавалі прышчапіць савецкі сьветапогляд, любоў да камуністычнае рэлігіі, а ў адказ нараджаліся народныя пэрліны: «Звёздочкі в ряд, косточки в ряд — Трамвай переехал отряд актябрят», альбо «Пять ветеранов на люстре висят, / Их посетил пионерскій отряд». Ці то пра шматгадовага правадыра: «Брови чёрные, густые, / Речи длинные, пустые»...

«Дзяды ваявалі» — адносна новы штамп, які нічога не выражае

Але, як відаць зь цяперашняе кропкі, тое-сёе ўсё ж такі асела «навекі ў памяці народнай». Гэта, найперш, розныя штампы, зьвязаныя з Другой сусьветнай вайной. Пачынаць можна адразу з назвы — тыя, хто будуць казаць «Вялікая айчынная», знаходзяцца ў палоне старых савецкіх стэрэатыпаў, якія цяпер падымаюць на шчыт агрэсіўныя ўлады часткі постсавецкае прасторы.

Малюнак Лявона Вольскага

Вось — «Дзяды ваявалі» — адносна новы штамп, які нічога не выражае. Ну, так, ваявалі, і што цяпер? Ты ганарысься? Ці ты ненавідзіш і гатовы помсьціць? Але каму? Зьмяніліся пакаленьні, у Нямеччыне ўсе гэтыя гады праводзілася няспынная праца — пакаяньне, асэнсаваньне, маўляў, ні ў якім выпадку нельга дапусьціць, каб гэтыя жахі паўтарыліся…

Тым часам «пераможцы» крычаць: «Можам паўтарыць!» і накрэмзваюць на ўласных «Мэрсэдэсах» і «Опэлях» (машынах, безумоўна, нямецкае вытворчасьці) шматзначныя словы — «На Бэрлін!».

Некаторыя старажытныя штампы і цяпер «жывее всех живых» — напрыклад: «Сталін быў жорсткі кіраўнік, але справядлівы і, што б там ні казалі, ён выйграў вайну».

Якія там Курапаты, якія расстрэлы, ГУЛАГі, тройкі, унутраны дворык турмы НКВД?! Вайна сьцерла ўсе гэтыя злачынствы-правіны — і вось ён стаіць — на п’едэстале, як калісьці на высокай трыбуне, вярхоўны галоўнакамандуючы, генэралісымус Іосіф Вісарыёнавіч!

Што сьвяткаваць?

Нашчадкі людзей, кінутых у жахлівую мясарэзку, тых людзей, якія да канца жыцьця пазьбягалі распавядаць пра «гераічныя будні Вялікае Айчыннае», будуць апранаць сваіх трохгадовых дзяцей — дзяўчатак і хлопчыкаў — у вайсковую форму, адмыслова пашытую для гэтага выпадку, усё як трэба — з пагонамі, пятліцамі, шаўронамі, з пасам і спражкаю зь пяціканцовай зоркай, з той жа зоркай на пілётцы, толькі ўжо чырвонай, дадуць гэтым несьвядомым яшчэ дзецям у рукі цацачны аўтамат ці то пісталет і пойдуць у цэнтар гораду фатаграфавацца, усьміхацца і сьвяткаваць…

Парад у Мінску. Крыніца: belarus-news.by

Што сьвяткаваць? Перамогу над фашызмам?

Ды ў тваёй краіне суцэльныя забароны — пра гэта нельга казаць, гэта нельга сьпяваць, гэта нельга слухаць, нельга чытаць, нельга глядзець, нельга насіць, нельга карыстацца, нельга рэагаваць у сацыяльных сетках, нельга данаціць, па вуліцах гойсае гестапа (яны самі сябе так называюць!) і мае права ўламіцца ў кожны дом у любы зручны для сябе час — і позна ўначы, і рана раніцай.

Дзяржава зрабіла канкрэтнае падзяленьне — «свае» й «чужыя». «Свае» могуць рабіць кар’еру, будаваць сабе кватэры і дамы, мець розныя ільготы і разьлічваць на заможнае існаваньне, «чужыя» ж будуць заўжды прыніжаныя і пакрыўджаныя, хай скажуць «дзякуй», што іх не пасадзілі ці то ня выкінулі з краіны… Нічога не нагадвае?

Чаго ўжо казаць пра тое, што суседняя краіна, якая абвясьціла сябе спадкаемкай вялікага савецкага саюзу і дагэтуль зьяўляецца нашай галоўнай сяброўкай ды саюзьніцай, напала на Украіну, і там колькі ўжо гадоў ідзе сапраўдная вайна — штодня гінуць людзі, выбухваюць ракеты, руйнуюцца гарады…

І гэтая дзяржава (што знаходзіцца ў стане перманэнтнай вайны, якую сама пачала) 9 траўня ладзіць на сваёй галоўнай плошчы сьвяточны парад. У гонар таго, што яна ў 1945-м годзе «вызваліла сьвет ад фашызму».

Ступень абсурду вышэй за тое, што цяпер адбываецца, цяжка сабе ўявіць. Але людзі будуць сьвяткаваць, прамаўляць дзяжурныя фразы, сыпаць старымі і новымі штампамі, падымаць кілішкі і цалаваць дзяцей, апранутых у форму байца Савецкай арміі (пехацінца-сьмяротніка ці то СМЕРШаўца з заградатрадаў?)…

Бо сьвяты дапамагаюць схавацца ад жорсткае бессэнсоўнае рэчаіснасьці. Якая ўсё адно рана ці позна паглядзіць вам у вочы халодным недаравальным бязьлітасным позіркам.