Стэфановіч: «У рэжыма ёсць звышзадача — захаваць ва ўладзе вядомага нам персанажа і забяспечыць транзіт улады так, як яны яго бачаць»

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» і былы палітзняволены Валянцін Стэфановіч патлумачыў, ці неабходныя санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і ці гатовы рэжым да вяртання «нармальнасці».

— Я б, напэўна, тут не сядзеў, калі б гэтых санкцый не было. Таму што я не думаю, што вызваленне часткі палітзняволеных было жэстам добрай волі, гуманізму і жадання нейкага грамадскага дыялогу ўнутры краіны, — кажа Стэфановіч у эфіры Еўрарадыё. — Гэтага дыялогу няма, і пакуль такая магчымасць не праглядаецца.

Валянцін Стэфановіч. Фота: «Вясна»

Я лічу, што, пакуль ёсць палітычныя зняволеныя, наяўнасць санкцый абгрунтаваная. Ёсць глеба для такога дыялогу — гэта вызваленне палітвязняў, мараторый на новы пераслед. Бо што мы цяпер бачым? Нас вызвалілі, але на нашае месца пасадзілі яшчэ траіх-пяцярых чалавек — такі бясконцы працэс. Пытанне вызвалення палітвязняў такім чынам з'яўляецца заўсёды актуальным.

Беларускія ўлады і не хочуць дэманстраваць нейкага прагрэсу ў сферы правоў чалавека. З якой нагоды тады мы можам дыскутаваць наконт зняцця санкцый? Тым больш у кантэксце вайны і саўдзелу ў ёй Беларусі — але гэта асобная тэма.

Калі здарыліся падзеі 2020 года, мне здаецца, потым была правільная рэакцыя на масавае парушэнне правоў чалавека. Я даўно ў праваабарончым руху, бачыў некалькі макееўскіх адліг, калі былі санкцыі, потым — узаемная зацікаўленасць бакоў і дыялог, у выніку якога мы вярталіся ва ўмоўны 2016 год, калі фактычна не было крымінальнага палітычна матываванага пераследу і ў Менску больш-менш вольна маглі працаваць СМІ, прадстаўнікі няўрадавых арганізацый і г. д.

Зараз, мне падаецца, мы маем значна горшую сітуацыю. Я далёка не ўпэўнены, што рэжым пойдзе на такога кшталту вяртанне ва ўмоўны 2016 год. Таму што ён вельмі моцна напалохаўся 2020 годам, і цяпер адысці ад татальнага кантролю ў краіне… Не ведаю, ці паспрыяе зняцце санкцый і дыялог з Захадам таму, што мы станем сведкамі трэцяй (ці якой там) лібералізацыі і вернемся, як кажуць, да нармалізацыі.

Бачыўшы ўсё гэта (я ўмоўна, канешне, бачыў, бо знаходзіўся ў ізаляцыі, але чуў дзяржаўнае радыё, СМІ, чытаў «СБ»), у мяне засталося вельмі сумнае ўражанне. Мы рэальна вярнуліся ў савецкія часы з вельмі моцнай ідэалагізацыяй і фактычна кантролем дзяржавы над усімі сферамі жыцця.

Раней мы маглі сабе дазволіць жыць і не сутыкацца з гэтай дзяржавай, але такіх сфераў цяпер фактычна няма. Можна паглядзець, што робіцца ў сферы культуры, адукацыі і г. д.

І формаў кантролю, акрамя крымінальнага пераследу, вельмі шмат. Што зараз адбываецца з тымі, каго памілавалі і пакінулі ў Беларусі: анулявалі пашпарты, людзі не могуць атрымаць пенсію, няма доступу да банкаўскага рахунку, заблакаваныя сім-карты. Іх маргіналізуюць.

Як улады ад гэтага адыдуць — цяжка сказаць. Ёсць звышзадача — захаваць ва ўладзе вядомага нам персанажа і, напэўна, забяспечыць транзіт улады так, як яны яго бачаць у будучым. Таму што яны таксама думаюць пра гэта — біялагічны гадзіннік цікае, як бы там ні было.