Пашкевіч: «Вайна ідзе, і натоўпы мігрантаў — адзін з яе правераных ды эфектыўных інструментаў»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч — пра мінімум, які мы можам рабіць для фронту і перамогі.

Аляксандр Пашкевіч

— Як заўсёды падчас абвастрэння мігранцкіх крызісаў у Еўропе, у маёй стужцы не-не ды і пракідаюцца меркаванні — хоць, трэба сказаць, куды радзей, чым гэта было раней, — што самая адэкватная рэакцыя на масавыя прарывы мігрантаў—- гэта, маўляў, як у рускіх народных казках, «ты меня сначала напои, накорми, в баньке помой да спать уложи, а потом уж вопросы задавай», — піша Аляксандр Пашкевіч.

То бок не стаў на межах заслоны і не вяртай усіх адразу назад, а запускай сістэму, заводзь адносна кожнага юрыдычную працэдуру — прымай на забеспячэнне, недзе размяшчай, кармі-паі, размяркоўвай па Еўропе і г. д.

У радыкальных выпадках: нават радавацца трэба, што такое шчасце прываліла — маўляў, нараджальнасць у Еўропе нізкая, працоўнай сілы не хапае, а мігранты зараз падымуць і адно, і другое.

Карацей, ні на што не зважаць і працягваць палітыку, якая праводзілася дзясяткі гадоў да гэтага ў адпаведнасці з устаноўкамі, што «ўсе людзі браты», «мы справімся» і г. д.

Мой аргумент супраць такіх «прекраснодушных» поглядаў — што мігранцкая праблема ў заходнім свеце існуе не адно дзесяцігоддзе, і такія падыходы зусім не тэарэтычныя, а шмат разоў правяраліся на практыцы.

І вынік не сказаць каб станоўчы, найяскравейшым паказчыкам чаго з'яўляецца відавочны рост папулярнасці ва ўсіх без выключэння краінах раней дастаткова маргінальных правапапулісцкіх сіл з радыкальнай рыторыкай.

Несумненна, прычыны росту іх папулярнасці мігранцкай праблемай не абмяжоўваюцца, але тым не менш гэта праблема адна з ключавых, якую такія сілы эксплуатуюць, знаходзячы ўсё большы спрыяльны водгук з боку грамадства. У дэмакратычных краінах гэта вельмі важна, паколькі не расплываецца ў паветры, а пераплаўляецца ў вынікі на выбарах.

Тое, што на мігранцкай тэме можна сабе нарошчваць немаленькія палітычныя ўплывы, сведчыць пра тое, што праблема, як бы ні запэўнівалі левыя актывісты ў адваротным, насамрэч існуе, і еўрапейскія выбаршчыкі заклапочаныя тым, як яна вырашаецца. І ёсць усё большы запыт на ўзмацненне строгасці, а не на захаванне мяккіх падыходаў, не кажучы пра далейшае яшчэ большае змякчэнне. 

І менавіта таму мы бачым, што нават палітыкі з традыцыйных партый, якія пакуль што знаходзяцца пры ўладзе ў розных краінах, адчуваючы грамадскі пульс, спрабуюць па меры магчымасці закручваць у міграцыйнай палітыцы гайкі.

Бо разумеюць, што калі гэтага не будуць рабіць яны, то гэта не азначае, што рабіцца гэтага не будзе ўвогуле. Проста вырашэннем праблемы, атрымаўшы ў свае рукі мандат ад грамадзян, возьме ў свае рукі ўмоўная «Альтэрнатыва для Германіі». Якая пасля не факт, што будзе ахвотная даваць сваім апанентам магчымасць узяць рэванш.

Для нас гэта ўсё мае значэнне не толькі таму, што немалая частка нашага народа рассеяная па Еўропе, а адпаведна глядзіць на тое, што адбываецца ўнутры розных краін, не толькі як староннія назіральнікі.

Куды большае значэнне мае ўсё ж замежнапалітычны чыннік — тое, што «Альтэрнатыва для Германіі» і падобныя «альтэрнатывы» ў іншых краінах сярод іншага з'яўляюцца, як правіла, калі не адкрытымі пуціністамі, то «пуцінферштэерамі». І сярод іншага на іх прасоўванне сёння з надзеяй углядаецца Крэмль, спадзеючыся адкрыць сабе новае дыханне ў вайне ва Украіне.

Не забываймася, што ўжо шмат гадоў «ідзе вайна народная, гібрыдная вайна», якая пачалася задоўга да вайны класічнай, якая ва Украіне таксама шугае на ўсю моц — і фронт гэтай вайны без перабольшання ўвесь свет аж да самых далёкіх закуткоў. У майстэрстве весці гэтую вайну пуцінская Расія — прызнаны і непераўзыдзены сусветны лідар, што шмат разоў даведзена практыкай.

І праз розныя непрамыя механізмы яе вушы нярэдка тырчаць нават у самых нечаканых сітуацыях. Не здзіўлюся, калі і ў далёкім Марока таксама без яе не абышлося. Зрэшты, як той казаў, «Иван Григорьевич не один; бывают и другие».

Але ў любым выпадку не так важна, хто менавіта торгае лейцамі гібрыднай вайны. Галоўнае — вайна ідзе, і натоўпы мігрантаў — адзін з яе правераных ды эфектыўных інструментаў. Пуцін з Лукашэнкам на ўсходняй мяжы Еўрасаюза не дадуць збрахаць.

Таму, як гэта ні прыкра, мы ўсе таксама даўно на вайне, самі не заўсёды гэта ўсведамляючы. Бо яе фронт нябачны і не адчувальны — не раўнуючы як тая радыяцыя ў Чарнобыльскай зоне. Але ён ёсць. І той мінімум, які мы можам рабіць для фронту і перамогі — прынамсі не быць «ружовымі поні» і «карыснымі ідыётамі».