Адным з самых прыкметных вынікаў даследавання стала пытанне пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасць. Толькі 39,2% палякаў лічаць беларусаў самастойным народам.
Казакевіч: Чаму ў параўнанні з украінцамі і літоўцамі палякі ставяцца да беларусаў досыць пазітыўна
Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра вынікі даследвання пра стаўленне жыхароў Польшчы да беларусаў.
Інстытут «Палітычная сфера» і польская кампанія SW Research правялі даследаванне пра тое, як палякі ўспрымаюць Беларусь і беларусаў. У ім узялі ўдзел 1006 паўналетніх жыхароў Польшчы. Апытанне праводзілася анлайн і па тэлефоне, піша «Люстэрка».
Паведамляецца, што палова апытаных — 49,8% — станоўча ставіцца да беларусаў, якія жывуць у Беларусі. Негатыўнае стаўленне выказалі 17,6%, а яшчэ 32,6% не змаглі адказаць.
Яшчэ больш прыхільна палякі ставяцца да грамадзян Беларусі, якія жывуць у самой Польшчы.
Пры гэтым 35,4% прытрымліваюцца меркавання, што беларусы з’яўляюцца адгалінаваннем рускага народа. Яшчэ 5,9% звязваюць беларусаў з украінскім народам, а амаль кожны пяты не змог адказаць.
Даследаванне таксама паказала нізкі ўзровень ведаў пра беларускую культуру ў Польшчы. 63,1% рэспандэнтаў не змаглі назваць ніводнага беларускага культурнага дзеяча з прапанаванага спісу.
Сярод найбольш пазнавальных постацяў апынуліся Янка Купала, Святлана Алексіевіч і Кастусь Каліноўскі, аднак нават іх пазнавальнасць знаходзіцца на ўзроўні каля 8–10%.
Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці» адзначыў, што па выніках даследвання пазітыўнае стаўленне да беларусаў і Беларусі з боку палякаў атрымалася вышэйшым, чым падавалася дагэтуль.
— Бо некаторыя іншыя даследванні па Польшчы паказвалі больш нізкія лічбы, і мы іх чакалі. Але, прапанаваўшы іншую назву пытання (або, магчыма, па іншых прычынах), мы атрымалі лічбы, якія кажуць пра дастаткова пазітыўнае стаўленне да беларусаў з боку палякаў, асабліва ў параўнанні з Украінай і Літвой, — кажа Казакевіч. — Для Польшчы, напэўна, беларускае пытанне не з'яўляецца нейкім важным. А ў адрозненні ад Украіны, Беларусь не разглядаецца ў якасці суагрэсара.
Тое, што толькі 39,2% палякаў лічаць беларусаў самастойным народам — гэта чыста стрэатыпная думка. Стаўленне, што беларусы не з'яўляюцца самастойнай нацыяй, можна знайсці ў публічнай думцы ўсіх суседніх краін з Беларуссю. Гэта, нажаль, стэрэатып, які не быў пераадолены за апошнія 35 год існавання незалежнай беларускай дзяржавы.
Звязана гэта з тым, што не было сістэмнай працы з боку беларускай дзяржавы або супольнасці, каб паказаць, што беларусы — самастойная нацыя, пазаказаць, чым яна адрозніваецца ад рускіх.
Канешне, з гэтым трэба працаваць. Калі размова ідзе пра тое, што Беларусь і Польшча на ўзроўні дзяржаў і грамадстваў мусяць выбудоўваць устойлівыя і раўнапраўныя стасункі, то неабходна, каб у Польшчы ўспрымалі беларусаў як самастойную нацыю, а не вытворную ад Расіі.
Бо ў такім выпадку суб‘екнасць Беларусі знікае, як і знікае дадатковая матывацыя працаваць з Беларуссю як з самастойным актарам.
Читайте еще
Избранное