Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь

У аўторак раніцай Анджэй Пачобут перасёк польска-беларускую мяжу і адправіўся ў свой родны горад Гродна, паведамляе Gazeta Wyborcza. Ён мае намер сустрэцца там са сваёй сям'ёй і калегамі з Саюза палякаў у Беларусі. Чакаецца, што паездка працягнецца тыдзень.

Такім чынам Пачобут выканаў сваё абяцанне, дадзенае адразу пасля прыбыцця ў Польшчу 28 красавіка.

Пазней з’явілася яго фота на беразе Нёмана – здымак апублікаваў польскі журналіст Барташ Вяліньскі.

«Анджэй трымае сваё слова і робіць усё для пашырэньня прасторы свабоды на ўласным прыкладзе»

– Гэты факт сьведчыць пра тое, што Анджэй трымае сваё слова і робіць усё для пашырэньня прасторы свабоды на ўласным прыкладзе», – сказаў Свабодзе ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 2022 году, праваабаронца Алесь Бяляцкі, камэнтуючы інфармацыю аб часовым вяртаньні Анджэя Пачобута ў Беларусь.

У той жа час ён назваў гэты выпадак незвычайным, бо тое, што яму дазволілі перасячы мяжу Беларусі – гэта выключэньне.

– Таму што нічога па зьмене сытуацыі ў правах чалавека ў Беларусі не здарылася за апошні час. Дастаткова згадаць, што ў гэтым годзе мы фіксавалі затрыманьні людзей паводле палітычных артыкулаў на мяжы, калі яны спрабавалі ўехаць у Беларусь, – дадаў ён.

Алесь Бяляцкі адзначыў, што шмат беларусаў, якіх улады перасьледуюць паводле палітычных артыкулаў, ня могуць паўтарыць досьвед Пачобута, бо ня маюць такой шырокай падтрымкі.